BY
PL
EN

Беларускае Радыё Рацыя. 98,1 FM – Беласток, Гародня. 99,2 FM – Берасце

Радыё ONLINE

Аўстрыя будзе прызнаваць пратэрмінаваныя беларускія пашпарты

Аўстрыя будзе прызнаваць пратэрмінаваныя пашпарты. Пра гэта паведамляе Офіс Святланы Ціханоўскай па выніках яе сустрэчы ў Вене з кіраўніком аўстрыйскага МЗС Аляксандрам Шаленбергам.

Фота: t.me/tsikhanouskaya

Падчас сустрэчы беларускі палітык асаблівую ўвагу надала сітуацыі з палітвязнямі і расказала міністру пра тых, хто ўтрымліваецца ў рэжыме поўнай ізаляцыі. Палітыкі абмеркавалі магчымыя спосабы прыцягнуць рэжым да адказнасці на міжнародным узроўні. Таксама Ціханоўская заклікала міністра прызначыць спецыяльнага пасланца па Беларусі, які будзе працаваць з дэмакратычнымі сіламі.

Асобна ўзнімаліся пытанні легалізацыі.

«Шаленберг паведаміў, што цяпер Аўстрыя будзе прызнаваць пратэрмінаваныя беларускія пашпарты сапраўднымі. Бакі дамовіліся пра распрацоўцу інструкцый па легалізацыі беларусаў у Аўстрыі. Але застаецца праблема з пашпартам замежніка: каб атрымаць такі дакумент, паводле аўстрыйскага заканадаўства, неабходна адмовіцца ад беларускага грамадзянства», – гаворыцца ў паведамленні.

Паводле інфармацыі аўстрыйскага МЗС, Ціханоўская заклікала міністра не прызнаваць парламенцкія “выбары” ў Беларусі.

Паведамляецца, што на сустрэчы абмяркоўвалася бягучае становішча беларускай грамадзянскай супольнасці, уплыў Расеі на Беларусь і маючыя адбыцца парламенцкія і мясцовыя выбары ў Беларусі.

«Мы ніколі не забываліся пра рэпрэсіі, якія працягваюцца і нават пагаршаюцца і пераслед грамадзянскіх асоб у Беларусі. Палітычныя зняволеныя павінны быць вызваленыя неадкладна, без усялякіх «калі» і «але», – заявіў Шаленберг.

Ён запэўніў Ціханаўскую, што будзе працягваць рашуча дамагацца вызвалення палітвязняў на міжнародных форумах.