Кіраўнік арганізацыі Bypol Аляксандр Азараў падчас сваёй паездкі ва Украіну правёў сустрэчу з паслом Украіны па асаблівых даручэннях па Беларусі Ігарам Кізімам. Бакі абмеркавалі магчымасці двухбаковага супрацоўніцтва Украіны з беларускімі дэмсіламі.
Падчас гэтай сустрэчы Азараў перадаў Кізіму спіс «беларускіх партызан», асуджаных у Беларусі за ўдзел у акцыях у падтрымку Украіны супраць расейскай агрэсіі.
«Абмеркавана пытанне аб прыняцці магчымых мер па вызваленні гэтых асоб. Украінскі бок запэўніў, што зробіць усё магчымае, што ў ягоных сілах, каб вызваліць беларускіх герояў», — гаворыцца ў паведамленні Bypol.
Таксама Азараў сустрэўся з украінскім палітыкам і кандыдатам у прэзідэнты Украіны ў 2019 годзе Аляксандрам Вашчанкам, які ў цяперашні час узначальвае праўленне грамадскай арганізацыі “Улада народа”. На сустрэчы былі абмеркаваны ключавыя пытанні, якія тычацца стратэгіі ўсталявання дэмакратыі ў Беларусі.