Складваецца ўражанне, што Бабарыка ў тэме санкцыяў значна бліжэйшы да пазіцыі офіса Святланы Ціханоўскай, чым да некаторых выказванняў тых людзей, якія называлі сябе «бабарыканцамі».

Віктар Бабарыка даў амаль трохгадзіннае інтэрв’ю праекту “Нашай Нівы” «Ток» – самы маштабны і ўсебаковы ягоны выступ у медыя пасля вызвалення.
Як мне падалося, інтэрв’ю Бабарыкі выклікала пераважна пазітыўныя водгукі ў СМІ і ў сацыяльных сетках. Безумоўна, я маю на ўвазе той сегмент беларускага грамадства, які мае магчымасць публічна выказваць свае думкі па палітычных пытаннях – а гэта пераважна людзі, якія знаходзяцца за межамі Беларусі. Падчас прагляду інтэрв’ю склалася ўражанне, што на сёння Віктар Бабарыка ўжо вызначыў сваю выразную пазіцыю па большасці з тых гарачых пытаннях, якія найбольш хвалююць грамадства.
Тут можна ўзгадаць, колькі крытыкі выклікала інтэрв’ю Марыі Калеснікавай Дудзю – перш за ўсё, яе тэзісы пра змякчэння санкцыяў і дыялог з рэжымам. Па гэтай тэме Бабарыка выказаўся даволі канкрэтна – «..Як сабе ўявіць Еўропу, якая разумее, што ўводзіліся санкцыі і супраць Расеі, і супраць Беларусі – і мы будзем здымаць санкцыі з Беларусі, але не будзем здымаць санкцыі з Расеі? Ці наадварот. Так не бывае. Гэта пакет. Яны ўводзіліся разам, з рознымі абмежаваннямі, але ў прынцыпе за адно і тое ж». Альбо яшчэ — «Я лічу адназначна правільным: не могуць здымацца санкцыі з тых і прадпрыемстваў, і людзей, хто задзейнічаны ў вытворчасці ці ў падтрымцы вайны”.
Бабарыка дэманструе прагматызм і рэалістычную ацэнку сітуацыі. У тым сэнсе, што – мы можам нечага хацець і прагнуць, але ці рэалістычна сёння гэтага дабівацца.
«Пытанне якраз абмяркоўваецца ў тым, што можа дзейная сёння ўлада Беларусі зрабіць асобна ад Расеі? І тады Еўропа прыходзіць і кажа: што вы можаце зрабіць? Вы можаце зрабіць вельмі абмежаваную колькасць рэчаў», — заяўляе Бабарыка.
З інтэрв’ю складваецца ўражанне, што Бабарыка, прынамсі, у тэме санкцыяў значна бліжэйшы да пазіцыі офіса Святланы Ціханоўскай, чым да некаторых выказванняў тых людзей, якія называлі сябе «бабарыканцамі». Варта нагадаць, што некаторыя з іх год за годам даволі актыўнага крытыкавалі офіс і атачэнне Святланы Ціханоўскай, фактычна ведучы з ім зацятую ідэалагічную вайну.
На конт унутранай барацьбы сярод апазіцыі Віктар Бабарыка выказаўся таксама даволі адназначна – «Навошта нам дзяліць скуру незабітага мядзведзя? Мядзведзя ж няма.». Адзінае, што застаецца дзяліць – гэта дзяліць грошы. Але дзяліць грошы Бабарыка не мае ані намеру, ані жадання. «Я ніколі ў жыцці не займаўся палітыкай з гледзішча забеспячэння ўласнага існавання. Таму гэты пірог для сябе я дакладна дзяліць не буду”.
Віталь Цыганкоў, Беларускае Радыё Рацыя






