BY
PL
EN

Беларускае Радыё Рацыя. 98,1 FM – Беласток, Гародня. 99,2 FM – Берасце

Радыё ONLINE

Байдэн пераканаў Нетаньяху не атакаваць Іран у адказ, – СМІ

Прэзідэнт ЗША Джо Байдэн пераканаў прэм’ер-міністра Ізраіля Біньяміна Нетаньяху не наносіць зваротны ўдар па Іране.

Фота: trend.az

Як пішуць CNN і Axios са спасылкай на крыніцы, Байдэн падчас размовы пераконваў Нетаньяху, што Ізраіль перамог, пазбегнуўшы сур’ёзных наступстваў атакі з боку Ірана. Таму, удары ў адказ не патрэбны.

“Сёння вы перамаглі, нічога сур’ёзнага ў Ізраілі не пацярпела. Вы атрымалі перамогу. Прыміце гэта як перамогу”, – заявіў Байдэн Нетаньяху.

Па словах крыніцы з Белага дома, Байдэн і яго старэйшыя дарадцы вельмі занепакоеныя тым, што адказ Ізраіля можа прывесці да рэгіянальнай вайны з катастрафічнымі наступствамі.

У той жа час неназваны ізраільскі чыноўнік распавёў, што міністр абароны ЗША Лойд Осцін падчас размовы са сваім ізраільскім калегам Ёавам Галанам папрасіў, каб Ізраіль паведамляў ЗША, калі будзе рыхтаваць нейкі адказ супраць Ірана.