Кіраўнік радыкальнага ісламісцкага руху ХАМАС і меркаваны арганізатар ды натхняльнік разні 7 кастрычніка 2023 года Ях’я Сінвар быў ліквідаваны. Па паведамленні МЗС Ізраіля, ён быў забіты падчас аперацый ізраільскіх вайскоўцаў у сектары Газа.

Жыхар Ашкелона, беларускі актывіст Барыс Балтэ, кажа, што такі факт наўрад ці спыніць далейшую ваенную аперацыю Ізраіля і распавёў пра настроі ў краіне:
-У самім Ізраілі зараз, канешне, радасць ёсць. Але тым не менш, гэта не павальная радасць. Ёсць людзі, якія святкуюць. Напрыклад, учора мае суседзі зрабілі вечарыну на гэты конт. Тым не менш, знаходзяцца людзі, якія кажуць, што сапраўднае свята будзе, калі будуць вернутыя ўсе закладнікі. Наконт таго, хто ўзначаліць вайсковае кіраўніцтва ХАМАСа, кажуць, што гэта можа быць брат гэтага Сінвара – Мухамед, пакуль сам ХАМАС, вайсковая яго частка, засталася без кіраўніцтва. Ізраіль у адносінах да Ірана дзейнічае не сілай, а дзейнічае страхам. Можа нанесці ўдар куды заўгодна.
Таксама, па словах Барыса Балтэ, у Ізраілі на фоне наступальнай ваеннай аперацыі ўзніклі праблемы з вытворчасцю многіх малочных прадуктаў, садавіны, гародніны і яек на поўначы краіны. На дапамогу прыйшла тая ж Польшча і наладзіла экспарт польскіх памідораў і яек ў гарады і кібуцы паўночнага Ізраіля.
Цалкам гутарку слухайце ў далучаным гукавым файле:
Беларускае Радыё Рацыя






