BY
PL
EN

Беларускае Радыё Рацыя. 98,1 FM – Беласток, Гародня. 99,2 FM – Берасце

Радыё ONLINE

Барыс Балтэ: Прыемна, што генерал з Беларусі, узначаліў управу Генштаба ЦАХАЛа

На днях стала вядома, што брыгадны генерал ЦАХАЛа Раман Гофман, які нарадзіўся ў Мазыры, узначаліў Управу распрацоўкі новых метадаў вядзення бою генеральнага штаба ЦАХАЛа. Раман Гофман, нарадзіўся ў Мазыры і ў 1990 годзе пераехаў у Ізраіль. 7 кастрычніка 2023 года ён адным з першых адправіўся ў горад Сдэрот, для адбіцця нападу ХАМАСа на Ізраіль. У баі ён атрымаў цяжкае раненне, але выжыў.

Наша карэспандэнтка Вольга Сямашка пагутарыла з грамадскім актывістам з Ізраіля, сябрам Руху салідарнасці «Разам» Барысам Балтэ пра тое, як сустрэлі прызначэнне Рамана Гофмана ў Ізраілі; як агулам разгортваецца вайна, і ці залежыць яна ад вынікаў выбараў у Расеі і ЗША; і як у Ізраіле збіраюцца сустракаць Дзень Волі.

РР: Брыгадны генерал ЦАХАЛа Раман Гофман паходзіць з Мазыра, што вядома пра яго? Якія вашы адчуванні і што ўвогуле чуваць у Ізраілі па гэтым повадзе?

Барыс Балтэ: Нядаўна начальнік генштаба зрабіў некалькі загадаў па прызначэнні новых у генеральным штабе, у тым ліку і Рамана Гофмана, які да гэтага быў камандзірам вайсковых частак, быў камандзірам дывізіі, быў камандзірам спецыяльных частак на галандскіх вышынях, быў прызначаны начальнікам управы, якая будзе адказваць за планаванне вядзення новых відаў бою падчас вайны, што зараз у сучасных умовах вельмі важна.

І гэта нам нагадвае пра тое, што калісьці, калі толькі фармавалася армія абароны Ізраіля, то вайсковую дактрыну склаў чалавек з Беларусі.  Гэта быў Хайм Лап, ён быў з Барысава, і ён тады быў у званні палкоўніка, але неўзабаве стаў сам чацвёртым начальнікам генеральнага штаба арміі абароны Ізраіля. І таксама тут, у Ізраілі, зрабіў вялікую вайсковую кар’еру.

РР: Ці варта лічыць яго сапраўды генералам з Беларусі ці лепш называць яго рэпатрыянтам з Беларусі? Як самі да гэтага ставіцеся і наогул, як ацэньваюць актывісты, якія прыехалі ў Ізраіль зараз?

Барыс Балтэ: Я думаю, што трэба ўсё ж такі называць генерал з Беларусі. Любы чалавек, якія нарадзіўся ў Беларусі і які потым па нейкіх абставінах зрабіў кар’еру ў іншых месцах, усё ж такі трэба казаць, што гэты чалавек з Беларусі. Такіх людзей вельмі шмат у свеце, Луіс Маер, які заснаваў MGM – сусветна вядомую кінастудыю з Беларусі. Чалавек, які заснаваў тэлебачанне з тэлеканаламі, з рэкламай, з кіно, з навінамі, тое, што мы зараз ведаем пра тэлебачанне. Першы прэзідэнт Ізраіля – з Беларусі, прэм’ер-міністр, Нобелеўскі лаўрэат Менахем Бегін – з Беларусі. Можна ганарыцца, што ёсць такія людзі. На жаль, сёння ў Беларусі людзі не могуць паказаць сябе поўнасцю, і раней не маглі паказаць сябе поўнасцю з-за вядомых абставінаў. Але тым не менш, як мы бачым, у свеце беларускія мазгі, беларускія рукі, беларускі розум карыстаецца вельмі вялікім коштам

Цалкам гутарку слухайце ў далучаным файле:

Беларускае Радыё Рацыя

Фота Барыса Балтэ і адкрытых крыніц