
„Нетаніяху — гэта не Пуцін”. — Такое меркаванне выказаў грамадскі актывіст Барыс Балтэ, каментуючы падпісаную ўгоду паміж Ізраілем і Хамасам па абмене закладнікаў. Паводле дамоўленасцяў, Хамас выпусціць 33 закладнікі, уключна з жанчынамі і дзецьмі, у абмен на прыкладна 1200 палесцінцаў, якія знаходзяцца ў ізраільскіх турмах. Вайна Ізраіля і Хамас пачалася 7 кастрычніка 2023 года пасля заходу баевікоў на тэрыторыю Ізраіля і захопу закладнікаў. Пра акалічнасці падпісання ўгоды распавядае грамадскі актывіст і жыхар Ізраіля Барыс Балтэ ў гутарцы з Юліяй Сівец.
РР: Мы сёння будзем разважаць пра сітуацыю ў Ізраілі, менавіта пра вызваленне закладнікаў. Гаворка ідзе пра тых закладнікаў, якіх узялі ў палон падчас канцэрта на мяжы з сектарам Газа. Давайце для пачатку згадаем трагічныя падзеі, што тады адбываліся.
— Там былі не толькі тыя, каго ўзялі на гэтым канцэрце. Яны ўвогуле заходзілі ў кібуцы, у паселішчы на мяжы з сектарам Газа, а таксама ў гарады, такія як Нетывот і Сдэрот. Тры дні яны хапалі людзей, пакуль гэтыя землі не былі цалкам вызвалены. Там не толькі на фестывалі, але і ў кібуцы Рэйм, дзе было шмат замежнікаў. Яны заходзілі ў іншыя кібуцы, напрыклад у Бэры, дзе здзейснілі генацыд: забівалі людзей, больш за сотню чалавек, спальвалі немаўлят, рабавалі, гвалтавалі жанчын на вачах іх блізкіх.
Яны заходзілі ў гарады, як Нетывот і Сдэрот, забівалі ўсіх, каго сустракалі на дарозе. Гэта быў выходны дзень, людзі проста выходзілі па сваіх справах ці гуляць. Баявікі заходзілі ў аднапавярховыя дамы, расстрэльвалі людзей, захапілі будынак паліцэйскага ўчастка ў Сдэроце, і потым дзень ішлі баі за вызваленне гэтага ўчастка ізраільскімі сіламі.
РР: Згадаем гэтыя трагічныя падзеі, калі адбываўся канцэрт на мяжы з сектарам Газа. Нагадайма, калі ласка, з якой нагоды праводзіўся канцэрт і як выйшла, што напалі на мірных жыхароў.
— Канцэрт стаў проста першай мэтай, якую яны захапілі. Кажуць пра канцэрт, бо там былі замежнікі, замежныя медыі пра гэта шмат гараць, але часта забываюць пра тое, што яны заходзілі ў іншыя кібуцы і паселішчы, гарады, дзе не было замежнікаў, а былі толькі ізраільцяне.
Канцэрт праходзіў ля кібуца Рэйм — гэта быў фестываль транс-музыкі на мяжы з сектарам Газа пад лозунгам: «Давайце слухаць музыку, і тады наступіць мір». Але, як мы бачым, тэма канцэрта была абсалютна ідыёцкая, гэта і прывяло да такіх ахвяр. Каб быў мір, яго павінны хацець абодва бакі. Аднак мір хацеў толькі адзін бок — ізраільскі. Другі бок хацеў забіваць, гвалтаваць, знішчаць, і такім чынам паказваць сваю сілу.
Яны бралі закладнікаў не толькі на канцэрце, але і ў кібуцах, у вайсковых частках, якія яны захапілі. Сярод закладнікаў былі ізраільскія жаўнеры, якія сачылі за мяжой. Там ўзялі ў палон няшчасных жаўнераў, што сядзелі за кампутарам і назіралі за сітуацыяй на мяжы.
Цалкам слухайце ў далучаным гукавым файле:
Беларускае Радыё Рацыя