Госць Рацыі – Барыс Гарэцкі – намеснік старшыні БАЖ. Ён меў магчымасць знутры назіраць за ўсёй электаральнай кампаніяй, якая адбывалася ў ЗША, цягам траціны лістапада.

РР: Чаму Трамп?
Барыс Гарэцкі: Трэба ўзгадаць, што Камала Харыс усё ж такі была экстраным кандыдатам. Многія дасведчаныя людзі, левых поглядаў ці сярэдніх, канешне, былі за яе. Але ў Трампа, канешне, стартавы капітал быў значна большы. Адсюль і вынік. Па-першае, гэтая няўдалая спроба забіць яго падчас выступу, па-другое, так Амерыка працуе, немагчыма эфектыўна змяніць кандыдата за 2 – 3 месяцы да выбараў, каб ён перамог. У сучасным свеце могуць быць розныя варыянты, але ўсё ж такі амерыканская сістэма, амерыканскае грамадства больш інерцыйнае. І яшчэ да пачатку выбарчай кампаніі Трамп меў пэўны базіс электаральны. І аб’ём падтрымкі. Апошнія месяцы пахіснулі крыху яго аўдыторыю, але пэўныя людзі ў спрэчных штатах засталіся на ягоным баку. Цікавы момант, мы многа з амерыканскімі калегамі-журналістамі дыскутавалі, у Амерыцы сфармавалася такая цікавая гісторыя, што людзі не хацелі прызнавацца, што яны за Трампа. У выніку вулічныя апытанні давалі Трампу меншыя чаканні, а ў выніку гэтыя людзі прыйшлі і прагаласавалі за яго.
РР: А што ўвогуле можна сказаць пра электарат Трампа? І ці няма ў гэтым трагедыі дэмакратыі, як гэта адбылося ў Беларусі ў 1994 годзе?
Барыс Гарэцкі: Традыцыйна за рэспубліканцаў галасуюць людзі з ніжэйшым роўнем заробку, а многія нашыя суайчыннікі галасуюць за рэспубліканцаў, нягледзячы на тое, што Трамп заўсёды мае пратэкцыянісцкую пазіцыю і заўсёды кажа і гэтага варта чакаць цяпер, што будзе пагаршэнне для беларусаў і ўкраінцаў у амерыканскай палітыцы. Традыцыйная аўдыторыя рэспубліканцаў – гэта працоўны клас, у нейкім сэнсе людзі, якія нядаўна эмігравалі ў ЗША, пэўныя штаты традыцыйна за рэспубліканцаў, людзі больш правых каштоўнасцяў. Людзі больш левых каштоўнасцяў падтрымліваюць дэмакратаў. Гэта традыцыйны амерыканскі падзел, вагаюцца тыя штаты, якія вагаюцца, там усё залежыць ад перадвыбарчых падзеяў.
РР: А можна ўвогуле сказаць, што асноўнай тэмай непаразумення ці розных пазіцый паміж дэмакратамі і рэспубліканцамі стала менавіта не іх стаўленне да развязання вайны ва Украіне, не эканамічныя праблемы, не праблемы мігрантаў, а менавіта пытанне традыцыйных кансерватыўных каштоўнасцей?
Барыс Гарэцкі: Я думаю, што галоўным была эканоміка. Я размаўляў з многімі людзьмі, якія падтрымліваюць Трампа. Украіна, аборты – гэта ўсё другаснае. Палітыка рэспубліканцаў заўсёды грошы пакідае ў краіне, і людзі, якія маюць мала грошай, яны падтрымліваюць гэту палітыку. Яны лічаць, што грошы мусяць працаваць для Амерыкі, і галоўнае пытанне – гэта, безумоўна, пытанне падаткаў. На што Амерыка траціць грошы. Потым ужо палітыка, знешняя палітыка. Дарэчы, цікавы момант, што многія выхадцы з Беларусі і Украіны падтрымлівалі Трампа на гэтых выбарах.
РР: Ці варта расчароўвацца нам, грамадзянам Беларусі, што можа добрыя перспектывы нашай краіны адкладаюцца ў гэтай сувязі? З іншага боку кажуць, што Трамп здольны да вельмі неардынарных і нечаканых рашэнняў.
Барыс Гарэцкі: Трамп абсалютна здольны да нечаканых варыянтаў. Расчароўвацца варта. Бо падчас мінулай кадэнцыі Трампа падтрымка Беларусі скарачалася. І ягоны галоўны выбарчы меседж – каб грошы заставаліся ў Амерыцы і працавалі на амерыканцаў. На жаль, гэта так. Мы бачым , што Лукашэнка ўжо пачаў заігрываць з новай адміністрацыяй, выпусціўшы чарговых палітвязняў. І верагодна Амерыка бліжэйшыя 4 гады бузе менш падтрымліваць пытанні ў Еўропе, ва Усходняй Еўропе, галоўнае пытанне, што будзе па Украіне.
Цалкам гутарку слухайце ў далучаным гукавым файле:
Беларускае Радыё Рацыя