Фармуецца Каардынацыйная рада трэцяга складу па выніках выбараў, якія праходзілі анлайн. А перад гэтым прайшла выбарчая кампанія: дыскусіі, спрэчкі і скандалы. У публічнай дыскусіі гучалі і нараканні на адрас журналістаў, маўляў, мала ўвагі СМІ надаюць выбарам і пра іх пішуць.

Гэта зусім не новая сітуацыя для Беларусі – заўважае намеснік старшыні Беларускай асацыяцыі журналістаў Барыс Гарэцкі:
-Кожны раз, калі ў Беларусі адбываюцца якія-небудзь выбары, палітыкі абвінавачваюць журналістаў. Крыху смешна, крыху прыкра, што гэта адбылося і зараз, калі выбары праводзіць не рэжым, не ад рэжыму мы чуем такія заклікі, а ад асобных дэмакратычных прадстаўнікоў. Але трэба сказаць, што гэта не ўсеагульная з’ява. На мой погляд, ёсць палітычныя структуры, якія проста не навучыліся прафесійна камунікаваць, не маюць камунікацыйнай стратэгіі. У такім выпадку, канешне, заўсёды прасцей вінаваціць медыя, зладзіць які-небудзь скандал. Варта прыгадаць апошнія “наезды” на медыя, спадара Цапкалу і ягоную жонку Вераніку. Але гэта маргінез. Гэта адбываецца ў тым выпадку, калі ў палітычнай сілы няма ўласнага досведу, традыцый вядзення публічнай палітыкі.
Я бачу, што вельмі мала людзей прагаласавала, але гэта не пытанне да СМІ. Гэта пытанне да агульнага страху беларусаў, каб прыкладаць свой пашпарт кудысьці, асабліва рабіць сэлфі з пашпартам. Гэта пытанне да таго, што мінулая кадэнцыя КР зрабіла практычна ўсё, каб людзі не разумелі, для чаго КР і чаму яны павінны галасаваць.

Палітыкі заўсёды будуць казаць – добра, каб СМІ больш пра нас пісалі. Працягвае палітык Арцём Брухан:
-Што тычыцца СМІ. Незалежныя СМІ – гэта такое нашае благаславенне. Яны ў нас ёсць, яны незалежныя, і яны самі вырашаюць. Таму вялікі дзякуй усім, хто распавядаў пра гэтыя выбары, пра КР, але гэта права СМІ – вырашаць сваю рэдакцыйную палітыку.
А на гэтых выбарах у КР прагаласавалі толькі 6723 чалавекі. Паказаць сваю легітымнасць праз справы – такая гучыць канцэпцыя гэтага прадстаўнічага органа беларускай апазіцыі за мяжой.
Каардынацыйная рада ў новым складзе збіраецца 15 чэрвеня.
Цалкам матэрыял:
Беларускае Радыё Рацыя