Міністры замежных справаў Беларусі і Сірыі падпісалі супольную заяву аб шляхах і сродках супрацьдзеяння, змякчэння і ліквідацыі негатыўных наступстваў санкцыяў 29 кастрычніка. Кіраўнік МЗС Беларусі Максім Рыжанкоў і кіраўнік МЗС Сірыі Басам аль-Сабаг правялі перамовы ў Менску, паведамляе БелТА.

На думку Рыжанкова, падпісаны дакумент дапаможа краінам развівацца «ва ўмовах тых абсалютна незаконных абмежаванняў, што ўжываюцца так званым калектыўным Захадам у дачыненні Беларусі і Сірыі. У гэтым кантэксце мы абмеркавалі шляхі і сродкі развіцця супрацы ў межах барацьбы з гэтымі незаконнымі рашэннямі».
Сірыя, як і Беларусь, застаецца пад заходнімі санкцыямі Захаду. Гэта адна з пяці краінаў, якія ў 2022 годзе выступілі супраць рэзалюцыі Генеральнай асамблеі ААН, якая асудзіла анексію ўкраінскіх тэрыторыяў Расеяй.






