BY
PL
EN

Беларускае Радыё Рацыя. 98,1 FM – Беласток, Гародня. 99,2 FM – Берасце

Радыё ONLINE

Беларусь і Расея ствараюць адзінае абаронча-прамысловае поле

Беларусь і Расейская Федэрацыя фармуюць адзінае абаронча-прамысловае поле ў межах Саюзнай дзяржавы. Пра гэта ў інтэрв’ю часопісу «Национальная оборона» заявіў старшыня Дзяржаўнага ваенна-прамысловага камітэта Беларусі Дзмітрый Пантус.

Дзмітрый Пантус. Фота: sb.by

Паводле яго слоў, рэжым ізаляцыі, уведзены ў дачыненні абедзвюх краін, стаў «магутным стымулам» для паглыбленага супрацоўніцтва.

«Сёння мы фактычна назіраем фарміраванне адзінай абаронча-прамысловай прасторы ў межах Саюзнай дзяржавы. Расея, выконваючы дзяржаўны абаронны заказ, не можа абысціся без беларускіх камплектуючых, гэтак жа, як і мы не можам абысціся без расейскіх», — адзначыў Пантус.

Ён падкрэсліў, што абедзве краіны ўзаемна абменьваюцца тэхналогіямі, а інтэграцыя вытворчых ланцужкоў ужо дасягнула «поўнафарматнага» ўзроўню.

Пантус таксама паведаміў, што беларускі бок актыўна працуе з Федэральнай службай па вайскова-тэхнічным супрацоўніцтве Расеі і вядучымі прадпрыемствамі абароннага сектара РФ. Колькасць сумесных доследна-канструктарскіх праектаў расце, і іх вынікі, паводле яго слоў, будуць заўважныя ў найбліжэйшы час.

Сярод прыкладаў прамысловай кааперацыі ён назваў распрацоўку лёгкага шматмэтавага самалёта «Асвей», выпуск дэталяў для расейскай авіяцыйнай тэхнікі, а таксама стварэнне сэрвіснага цэнтру па рамонце сродкаў ППА на базе 2566-га завода па рамонце радыёэлектроннага ўзбраення ў супрацоўніцтве з канцэрнам «Алмаз-Антэй».

Акрамя таго, вядзецца праца над магчымым удзелам Беларусі ў вытворчасці лёгкага знішчальніка пятага пакалення Су-75 сумесна з «Рособоронэкспортам» і Аб’яднанай авіябудаўнічай карпарацыяй.