BY
PL
EN

Беларускае Радыё Рацыя. 98,1 FM – Беласток, Гародня. 99,2 FM – Берасце

Радыё ONLINE

«Беларусь не трэба разглядаць як сатэліта Расеі, гэта – еўрапейская нацыя»

Намеснік кіраўніцы, прадстаўнік па замежных справах Кабінета Валер Кавалеўскі ўзяў удзел у панэльнай дыскусіі «Яшчэ адна анексія: паступовае паглынанне Беларусі Расеяй» у Цэнтры Дэвіса Гарвардскага ўніверсітэта, паведамляе прэс-служба Аб’яднанага Пераходнага Кабінета.

Дыскусія пачалася з відэазвароту кіраўніцы Кабінета Святланы Ціханоўскай. Яна нагадала, што ў 1991 годзе, калі наша краіна аднавіла дзяржаўнасць, ЗША запэўнівалі ў адданасці суверэнітэту і дэмакратычнаму выбару Беларусі:

«Мы жывём зараз у такой складанай сітуацыі, што гэтае абяцанне стала абсалютна актуальным. Мы мусім знайсці спосабы цалкам яго выканаць».

Ціханоўская заклікала не ўспрымаць паглынанне Беларусі Расеяй як нешта адасобленае ад бяспекі ў рэгіёне, бо гэта «распальвае апетыты Пуціна да падпарадкавання іншых краін».

Валер Кавалеўскі адзначыў: тое, ува што Лукашэнка пераўтварае Беларусь, – дасканалая мадэль для Пуціна, але вельмі благі сігнал для іншых суседзяў Расеі:

«Беларусь пад рэжымам Лукашэнкі – пагроза не толькі для Беларусі, але і для нашых суседзяў і ўсёй еўраатлантычнай супольнасці».

Удзельнікі дыскусіі абмеркавалі еўрапейскі выбар Беларусі і практычную дапамогу, якую могуць аказаць заходнія партнёры беларускаму народу на шляху да дэмакратыі. Кавалеўскі падкрэсліў:

«Беларускі народ хацеў бы, каб яго пакінулі ў спакоі, хацеў бы мець магчымасць жыць нармальным жыццём. Але зараз гэта немагчыма праз інтарэсы Расеі, якія агрэсіўна ўрываюцца ў жыццё беларусаў».

Намеснік кіраўніцы Кабінета заклікаў дапамагаць дэмакратычнаму руху ў змаганні за вольную Беларусь ужо зараз, што дапаможа і Украіне, а таксама можа справакаваць змены ў Расеі.

У дыскусіі ўзялі ўдзел намеснік памочніка дзяржсакратара ЗША Крыстафер Сміт, былы амбасадар ЗША ў Беларусі Джордж Крол, прафесар Гарвардскага ўніверсітэта Аксана Шэвель. Мадэратарам выступіла былая памочніца дзяржсакратара ЗША Карэн Донфрыд

YouTube player

Валер Кавалеўскі працягне візіт у ЗША дыпламатычнымі кансультацыямі ў ААН і серыяй перамоў з амерыканскім урадам.