Расейская гісторык Тамара Эйдэльман паказала, як і з Расеі на Беларусь можна глядзець аб’ектыўна. Яе цыкл лекцый на ўласным Ютуб-канале паглядзелі мільёны беларусаў і расейцаў.

Сёння гутарым і аб працы над гэтымі лекцыямі і больш шырока пра палітыку. Наша Госця Рацыі – гісторык і настаўніца Тамара Эйдэльман.
РР: У Беларусі ёсць такія згадкі, што Лукашэнка не пасылае свае войскі, дыстанцуецца трошачкі ад Пуціна. Усе гавораць, што ён мае нейкую сакрэтную сацыялогію і разумее, што беларусы не падтрымліваюць дзеянні Расеі і не падтрымліваюць вайну. Размаўляў з адным чалавекам, які кажа, што Лукашэнка ведае, што калі беларускія салдаты паедуць на вайну ва Украіну, то маці гэтых салдат лягуць перад варотамі вайсковай часткі. І таму Лукашэнка не ўцягваецца так актыўна ў гэтую вайну. Атрымліваецца, у Пуціна не было такой сацыялогіі?
Тамара Эйдэльман: Гэтае пытанне засноўваецца на мностве здагадак. Мы не ведаем, ці ёсць у Лукашэнкі такая сацыялогія, мы не ведаем, што зробяць беларускія маці. Як я разумею, пратэстныя настроі ў Беларусі ахопліваюць большую колькасць людзей, чым у Расеі. Але пры гэтым усё роўна краіна расколата. І пры гэтым ёсць тыя, хто падтрымлівае Лукашэнку. У маім уяўленні пра Лукашэнку не ўпісваецца ідэя пра тое, што ён думае пра беларускіх маці. Ён хутчэй, мне здаецца, думае як адрэагуе Захад. Я ў сваёй лекцыі пра сучасную Беларусь гаварыла пра тое, што ён віляе, ён хоча і нашым, і вашым. І гэта было якраз добра бачна яшчэ з 2014 года. То ён прапаноўвае сябе як пасярэдніка, ён то ў адзін бок, то ў другі. Пры гэтым ён не хоча трапляць у вялікую залежнасць ад Пуціна. А пра маці, калі б ён думаў, ён бы па-іншаму сябе вёў.
РР: Думаеце, што пра грамадства ён не думае?
Тамара Эйдэльман: Маё ўяўленне пра Лукашэнку, што ён з тых, хто канструіруе рэальнасць у адпаведнасці са сваімі жаданнямі. Гэта добра бачна па тым, што ён гаварыў, калі ішоў да ўлады, калі ён мяняў свае ідэі ў любы момант, калі яму гэта было патрэбна. Не бачу там клопату ні аб кім.
У Расеі на Тамару Эйдэльман сфабрыкавалі некалькі крымінальных спраў, падыход, як і да іншых прадстаўнікоў Расеі, якія выступаюць супраць вайны ва Украіне. Справы аб так званых ваенных “фэйках”. Пасля пачатку поўнамаштабнай вайны супраць Украіны Тамара Натанаўна пакінула Расею.
Цалкам гутарка:
Беларускае Радыё Рацыя






