
Ілюстрацыйнае фота. Фота: mil.by
Беларусь “пад выглядам вучэнняў канцэнтруе” узброеныя сілы ў Гомельскай вобласці, побач з украінскай мяжой, гаворыцца ў заяве Міністэрства замежных спраў Украіны са спасылкай на разведвальныя службы краіны. Паводле Кіева, узброеныя сілы Беларусі “пад выглядам вучэнняў канцэнтруюць значную колькасць асабістага складу, узбраенняў і ваеннай тэхнікі, у тым ліку танкаў, артылерыі, зенітных ракет, сродкаў супрацьпаветранай абароны і інжынерных сродкаў.
У МЗС Украіны адзначылі, што беларускія войскі дыслакуюцца ў Гомельскай вобласці каля паўночных межаў Украіны. Там жа была заўважаная прысутнасць наймітаў былой ПВК “Вагнер”.
Указваецца, што правядзенне вучэнняў у памежнай зоне і ў непасрэднай блізкасці ад аб’екта ядзернай энергетыкі — Чарнобыльскай АЭС «стварае пагрозу нацыянальнай бяспецы Украіны і сусветнай бяспецы ў цэлым».
У ведамстве адзначылі, што ў выпадку парушэння Беларуссю дзяржаўнай мяжы Украіна “прыме ўсе неабходныя захады для рэалізацыі права на самаабарону, гарантаванага Статутам ААН”, а таксама ўсе канцэнтрацыі войскаў, ваенных аб’ектаў і маршруты забеспячэння па тэрыторыі Беларусі “будуць законнымі аб’ектамі для Узброеных сіл Украіны”.
18 жніўня Аляксандр Лукашэнка заявіў, што беларускія вайскоўцы перакінулі да мяжы з Украінай амаль траціну сваёй арміі. На такі крок, паводле яго, прыйшлося пайсці, бо Кіеў нібыта не толькі “трымае каля межаў з Беларуссю больш за 120 тысяч вайскоўцаў”, але і перакінуў дадатковыя сілы, заявіў Лукашэнка ў інтэрв’ю расейскаму дзяржаўнаму тэлеканалу “Россия-1”.






