Госць Беларускага радыё Рацыя — прадстаўнік ініцыятывы BELPOL Уладзімір Жыгар. Ён распавядае пра тое, як беларуская эканоміка ўсё больш становіцца на вайсковыя рэйкі, бо дзяржпрадпрыемствы ўжо багата чаго робяць для расейскай арміі – ад формы да беспілотнікаў. Каля мікрафону Алеся Вербаловіч.

РР: Пачну з такога пытання – можаце пералічыць вырабы, што зараз беларуская эканоміка робіць для Расеі?
Уладзімір Жыгар: На сёння можна сказаць з упэўненасцю, што Беларусь вырабляе рэактыўныя снарады калібра 122 мм, артылерыйскія снарады калібра 152 мм, патроны, сістэмы РЭП, БПЛА, напрыклад, тыя ж самыя блокі кіравання для міжкантынентальных ракет “Страна” і “Авангард”. Пры гэтым усім Беларусь павялічвае пастаўкі, стараецца ва ўсялякім выпадку павялічваць пастаўкі аптычных сістэм, якія мадэрнізуюць састарэлую тэхніку расейцаў. Працягваецца пастаўка таго ж самага абмундзіравання, якое робяць у тым ліку і палітвязні, асабліва на Антошкіна. На жаль, гэта даволі далёка зайшло, што атрымліваецца больш за 500 беларускіх прадпрыемстваў удзельнічаюць у той ці іншай ступені ў выкананні дзяржабароны Расеі.
РР: Нават не ўяўляла, што лічбы настолькі крытычныя.
Уладзімір Жыгар: У прынцыпе можна казаць пра тое, што ўсе прадпрыемствы міністэрства прамысловасці, а таксама 50-200 камерцыйных структур або працуюць над выкананнем дзяржабаронай замовы або задзейнічаныя ў схеме абыходу санкцый адносна прадпрыемстваў, якія знаходзяцца пад санкцыямі і знаходзяцца не ў Беларусі або яны знаходзяцца ў Расеі.
РР: На вашу думку, якое з гэтых прадпрыемстваў робіць самую шкодную рэч, самыя шкодныя вырабы? Я маю на ўвазе для Украіны, бо адна справа на Антошкіна шыць форму – кепска, але не так крытычна, чым вырабляць снарады і патроны.
Уладзімір Жыгар: Усе кампаніі, а там без малога 50 кампаній, якія задзейнічаныя ў вытворчасці рэактыўных снарадаў, якія задзейнічаныя ў вытворчасці аптычных сістэм для мадэрнізацыі тэхнікі расейцаў. Напрыклад, МЗКТ, які робіць шасі для комплексаў С-300, С-400, “Іскандэр”, які не толькі вырабляе гэтыя шасі, а таксама яны выязджаюць і рамантуюць ужо пашкоджаныя “Іскандэры”, С-300, С-400. І ўсе ж мы разумеем, што вялікая колькасць ракет, якія выпускаюцца па Украіне, выпускаюцца менавіта з шасі комплексаў С-300, С-400, шасі МЗКТ.
РР: Я хацела яшчэ ўдакладніць у вас пра дроны, бо ёсць такое адчуванне, што гэта перадавая сучасная зброя. Ці робяцца ў Беларусі беспілотнікі, ці кампаненты. Ці вырабляе Беларусь свае беспілотнікі, якія можна выкарыстоўваць у вайсковых мэтах?
Уладзімір Жыгар: Так, Беларусь вырабляе БПЛА, такія, як напрыклад, “Чэкан”, “Свіслач СВТ”, “Эскалон”, “Міратворац”, “Міратворац-У”. І большая частка з гэтых БПЛА прайшлі выпрабаванні непасрэдна на вайне спраць Украіны. І ўвогуле Беларусь у дадзены момант вырабляе 30-35 відаў БПЛА, з якіх 5-7 БПЛА урэшце-рэшт будуць пастаўленыя на серыйную вытворчасць. Асноўным спажыўцом гэтых БПЛА з’яўляецца Расея. І шматлікія прадпрыемствы, кампаніі, якія вырабляюць гэтыя БПЛА, мадэрнізуюцца, пераарыентуюцца за грошы расейцаў. І, як я ўжо сказаў, той жа самы “Чэкан” ужо выкарыстоўваўся ва Украіне арміяй акупантаў.
Цалкам гутарка:
BELPOL працягвае сваю дзейнасць па выкрыцці таго, як афіцыйны Менск зацягвае краіну ў вайну. Прачытаць апошнія навіны і расследванні можна на сайце і ў сацсетках ініцыятывы.
Беларускае Радыё Рацыя





