BY
PL
EN

Беларускае Радыё Рацыя. 98,1 FM – Беласток, Гародня. 99,2 FM – Берасце

Радыё ONLINE

“Беларуская армія не забяспечыць бяспеку рэжыму Лукашэнкі”

У Беларусі пачаўся чарговы этап праверкі баявой гатовасці Узброеных сіл. Як паведамляе тэлеграм-канал Міністэрства абароны, у межах мерапрыемства прадугледжаны прызыў ваеннаабавязаных на зборы.

У баявую гатовасць прыводзяцца органы кіравання, а таксама шэраг злучэнняў і вайсковых частак Заходняга аператыўнага камандавання. За беларускімі вучэннямі ўважліва сочаць  ва Украіне, але не бачаць у іх пагрозы, нават калі вайскоўцы робяць  марш-кідкі непасрэдна да ўкраінска-беларускай мяжы. 

Беларускія васкоўцы. Фота: Мінабароны Беларусі
Беларускія васкоўцы. Фота: Мінабароны Беларусі

Распавядае вайсковы аналітык Раман Світан:

– Беларуская армія рэжыму Лукашэнкі на дадзены момант нешматлікая. Тая колькасць войскаў у некалькі дзясяткаў тысяч, не больш за гэта, не можа выканаць задачу не толькі там наступальную нейкую, сыходзячы з той колькасці вайскоўцаў, якія патрэбныя для любой наступальнай задачы. Там нават вялікая праблема выканаць абаронную задачу. Беларуская армія не забяспечыць бяспеку нават самому рэжыму, не кажучы пра Беларусь як такую.

Па словах Рамана Світана, Украіна на гэты момант не разглядае сцэнароў абстрэлу Украіны з тэрыторыі Беларусі яшчэ і па наступнай прычыне: 

– Не дай Бог з боку Беларусі ў наш бок паляціць, як свет у лазні будзе выключаная ўся беларуская эканоміка – Мозырскі нафтаперапрацоўчы завод, “Нафтан”. Калі мы да Ухты дасталі, 1700 кіламетраў, ці да Валгаграда, 700 кіламетраў, і вырубілі нафтаперапрацоўчыя заводы, вы ж разумееце, што цягам 24 гадзін спыніцца ўся прамысловасць Беларусі. Лукашэнка добра ўяўляе, што гэта так і будзе. Сам будзе забяспечваць бяспеку нашых паўночных рубяжоў.

Праверкі баявой гатовасці войска ў Беларусі  пачаліся з 16 студзеня і датычыліся ў першую чаргу  вайсковых частак. Цяпер жа  вучэнні будуць праходзіць з удзелам грамадзян, якія знаходзяцца ў запасе. Усе  ваеннаабавязаныя пасля атрымання позваў мусяць з“явіцца ў ваенкамат для наступнага накіравання ў месцы вучэнняў. Вайсковыя зборы для гэтай катэгорыі грамадзян могуць працягваюцца ад двух да 6-ці  тыдняў.  

Беларускае Радыё Рацыя