BY
PL
EN

Беларускае Радыё Рацыя. 98,1 FM – Беласток, Гародня. 99,2 FM – Берасце

Радыё ONLINE

Беларуская салідарнасць на маршы

У Варшаве была згвалтаваная і скалечаная да мяжы жыцця і смерці маладая беларуска. На момант падрыхтоўкі гэтай Тэмы дня было сабрана ў эквіваленце больш за 82 тысячы долараў на медычнае ратаванне дзяўчыны.

Больш за шэсць тысяч чалавек спрычыніліся да збору сродкаў невядомага ім чалавека. Ключавое слова – «беларуска».

Упэўнены, што колькасць людзей, ахвочых дапамагчы і сама дапамогі будзе расці.

Таксама ўпэўнены, што вялікую ролю ў актывізацыі збору адыгралі словы Святланы Ціханоўскай: «Мае думкі з беларускай Лізаветай, якая ў гэтыя хвіліны змагаецца за жыццё ў адным са шпіталяў Варшавы. Я ўсім сэрцам зычу ёй здароўя, а яе блізкім – сілаў і цярпення, каб перажыць гэтае гора».

Словы, і адпаведна спасылка на збор сродкаў.

Ад варшаўскай паліцыі ўжо вядома, што нападнік мае ўсе прыкметы псіхічна хворага. Ад дзеянняў такіх людзей не застрахаваны абсалютна ніхто.

У гісторыі з Лізаветай я хачу вылучыць наступныя аспекты.

Дзяўчына была палітычнай уцякачкай, і пры гэтым не мела медычнай страхоўкі. Ведаю з асабістага прыкладу, што людзі, якія атрымалі статус міжнароднай аховы і адпаведна від на жыхарства, часта не ведаюць што ім рабіць далей у вымушанай эміграцыі.

Яны пачынаюць шукаць працу, падпарцоўкі, неяк перабіваюцца, і нават не ў курсе, што ім варта ісці ва ўпраўленне працы, рэгістравацца там як беспрацоўным, і адпаведна атрымліваць бясплатную медычную страхоўку.

Цяпер уявіце сітуацыю Лізаветы. Ёй 20 гадоў, яна сірата, апынулася ў Варшаве за сваю грамадзянскую пазіцыю ў Беларусі, а далей як жыць?

Ні сям’і, ні напрацаваных гадамі сацыяльных сувязяў.

Паняцце беларусы і паняцце грамадзянская салідарнасць для мяне ўжо амаль сінонімы.

Нашы гарызантальныя сувязі беспрэцэдэнтныя, бо базуюцца не на кланавасці, не на кумаўстве, а на ідэі. Той ідэі, якую назвалі беларус беларусу беларус.

Грамадзянская супольнасць – гэта не пра арганізацыі, гэта пра свядомасць людзей.

Колькі б Кабінеты, Офісы і Рады розных кшталтаў не прыдумлялі праекты для беларусаў, ужо цяпер можна зрабіць так, каб за мяжой кожны беларус меў аўтаматычную інфармацыйную падтрымку на ўсе новыя выпадкі жыцця ў краіне прыбывання.

Пачынаць можна з Польшчы, дзе больш за ўсё беларусаў пасля 2020 году, а пазней практыкі распаўсюджваць на ішыя краіны.

Тыя грамадска-палітычныя дзеячы, якія за мяжой выступаюць ад імя беларусаў, не могуць выратаваць нашых вязняў сумлення ў Беларусі. 

Але яны могуць пачынаць дапамагаць суайчыннікам у вымушанай эміграцыі. І не разава, а сістэмна.

Севярын Квяткоўскі, Беларускае Радыё Рацыя