Беларусь заняла 53-е месца ў сусветным рэйтынгу пашпартоў. Месцы размеркаваны ў залежнасці ад колькасці краін, куды можна трапіць без візы або з візай па прыбыцці. Беларускі пашпарт апынуўся побач з дакументамі часткова прызнанага Косава.

Лідарам рэйтынгу стаў пашпарт Аб’яднаных Арабскіх Эміратаў, на другім месцы — Іспанія, а трэцюю пазіцыю падзялілі 14 еўрапейскіх краін. Сярод суседзяў Беларусі найбольшую свабоду падарожжаў дае польскі пашпарт, які заняў 4-е месца. Пры гэтым у рэйтынгу не ўлічаныя цяжкасці, з якімі сутыкаюцца беларусы за мяжой. З-за адсутнасці доступу да беларускіх консульскіх паслуг многія з іх не могуць абнавіць пашпарт або атрымаць новыя дакументы.