Беларускі ПЭН і іншыя праваабарончыя і культурніцкія арганізацыі падпісалі заяву, у якой звярнулі ўвагу міжнароднай супольнасці і ўладаў Літвы на шэраг актаў вандалізму і праяў мовы варожасці, скіраваных супраць беларускай супольнасці, у Вільні ў 2024 годзе.

Сярод іх апошнія — падпал у кастрычніку ўваходных дзвярэй будынка Цэнтра беларускай супольнасці і культуры, зняважлівы надпіс і зафарбаваны мясцовы мурал. У лістападзе ксенафобскія надпісы з’явіліся на беларускай кавярні «Карчма 1863».
Аўтары звароту заклікалі літоўскія ўлады прыцягнуць вінаватых да адказнасці і «гарантаваць бяспеку ўсіх жыхароў Літвы, незалежна ад іх нацыянальнасці і паходжання».
«Мы звяртаемся таксама да міжнароднай супольнасці і праваабарончых арганізацый з просьбай звярнуць увагу на гэтую сітуацыю», — адзначана ў заяве.
Дакумэнт падпісалі Беларускі ПЭН, Згуртаванне беларусаў свету «Бацькаўшчына», Цэнтр беларускай супольнасці і культуры, грамадская культурніцкая кампанія «Будзьма беларусамі», праваабарончыя арганізацыі Human Constanta і «Вясна» ды іншыя — усяго 13 арганізацый і ініцыятыў.
Беларускае Радыё Рацыя