BY
PL
EN

Беларускае Радыё Рацыя. 98,1 FM – Беласток, Гародня. 99,2 FM – Берасце

Радыё ONLINE

Вільня: Беларусы – на Марш Годнасці, літоўцы – на акцыю супраць Ціханоўскіх

Марш Годнасці адбудзецца  ў Вільні 9 жніўня. Ён прымеркаваны да вядомых падзеяў, якія адбыліся ў Беларусі 5 год таму. 9 жніўня 2020 года, як сцвярджаюць некаторыя беларусы, дзень, які змяніў іх назаўжды, бо яны аб’ядналіся супраць гвалту, несправядлівасці і хлусні.

У Вільні Дзень Годнасці пачнецца з роварнага прабегу салідарнасці ад будынка амбасады Беларусі ў Літве.

Кіраўніца арганізацыі «Дапамога» Наталля Калегава.
Кіраўніца арганізацыі «Дапамога» Наталля Калегава

Пра тое, што будзе адбывацца ў гэты дзень у літоўскай сталіцы распавядае адна з асноўных арганізатараў Дня Годнасці Наталля Калегава, кіраўніца арганізацыі «Дапамога»:

Будзе роварны прабег, асноўным яго арганізатарам з’яўляецца ініцыятыва RE:BELarus. На яго мы запрашаем усіх – літоўцаў, украінцаў і, канешне, у першую чаргу сваіх беларусаў. У нас будзе мітынг, там будуць карагоды. Мы ведаем, што шмат людзей села па “карагодных справах”. І гэта не будуць проста танцы, а будзе глыбокі сакральны сэнс. Пасля мы пойдзем да амбасады Беларусі, будзе працягвацца наша шэсце з двума вялікімі сцягамі – беларускім і літоўскім. Далучацца нашы літоўскія сябры.

Святлана Ціханоўская падчас акцыі беларусаў у Вільні.
Святлана Ціханоўская падчас акцыі беларусаў у Вільні

Да акцыі беларусаў звычайна далучаюцца і літоўцы. Але сёлета літоўскі палітык Вітаўтас Сініца заклікае https://www.facebook.com/SinicaVytautas літоўцаў 8 жніўня на акцыю супраць Ціханоўскіх. Наталля Калегава выказала сваё меркаванне на гэты конт:

– Увогуле першапачаткова быў ініцыятарам Цэлафанас, Сініца яго ўжо падтрымаў. Гэта такі фінансавы махляр, які кажа, што на “хатнюю хімію” ці турму быццам яго саджалі з-за яго палітычныя погляды. А Вітаўтас Сініца хапаецца за любыя рэчы, якія могуць нейкім чынам на яго імя паўплываць, не важна станоўчыя ці адмоўныя. Ён выкарыстоўвае проста беларускую тэматыку, каб прыцягнуць да сябе ўвагу. І літоўцы маюць права выказаць сваё меркаванне, гэта дэмакратыя.

Нагадаем, Дзень Годнасці ў Вільні пачнецца ў 11:00 з роварнага прабегу, які стартуе па адрасе: Mindaugo 13. Арганізатары заклікаюць прыязджаць на роварах і самакатах, апранаць бела-чырвонае адзенне і браць з сабой стужкі і сцягі. Цалкам праграму можна паглядзець у тэлеграм-каналах ды іншых сетках арганізацыі “Дапамога”. https://dapamoga.lt/

Цалкам гутарку слухайце ў далучаным файле:

Беларускае Радыё Рацыя