Па выніках 2023 году беларусы атрымалі ў 3,7 раза больш першасных дазволаў на жыхарства ў краінах Еўразвязу, чым дзесяць гадоў таму, сведчыць статыстыка Еўрастату.
Па выніках 2023 году беларусы занялі другое месца сярод замежнікаў па колькасці атрыманых першасных дазволаў на жыхарства ў краінах Еўразвязу — агулам 281 279 беларусаў атрымалі такія дакументы. На першым месцы — грамадзяне Украіны, якія летась атрымалі 307 313 першасных дазволаў на жыхарства ў краінах ЕЗ.
Калі параўнаць з агульнай колькасцю насельніцтва Беларусі, то ў 2023 годзе больш за 3% ад агульнай колькасці насельніцтва атрымалі еўрапейскія дазволы на жыхарства. Для параўнання: толькі каля 1% украінцаў атрымалі ДНЖ у Еўразвязе ў 2023 годзе, нягледзячы на вайну, якая працягваецца ўжо трэці год. Рост колькасці беларускіх заявак таксама перасягнуў паказчыкі іншых краін, якія сутыкнуліся з ваеннымі канфліктамі, напрыклад, Сірыі і Афганістану.