25 сакавіка беларусы ўсяго свету традыцыйна святкуюць Дзень Волі –чарговую гадавіну абвяшчэння незалежнасці Беларускай Народнай Рэспублікі
107 гадоў таму Рада БНР прыняла Трэцюю Устаўную грамату, у якой абвясціла незалежнасць краіны і аддзяленне яе ад Расеі.
З нагоды сённяшняга свята да беларусаў звярнулася дэмакратычная лідарка Святлана Ціханоўская.

Яна падкрэсліла, што ўжо 30 гадоў рэжым робіць усё, каб знішчыць нашую волю. «Нас спрабуюць запалохаць, арыштаваць, раз’яднаць – з разлікам, што мы здадзімся. Але чалавеку нельга забараніць імкнуцца да свабоды.
– 25 Сакавіка – Дзень гонару і сімвал нашай нязломнасці. Падтрымлівайце адно аднаго, беражыце нашу гісторыю і памятайце – кожны рэжым здаецца непахісным, але заўсёды настае час тых, хто верне справядлівасць! Як бы нас не затыкалі, як бы не запалохвалі і як бы не спрабавалі зламаць, мы ўпэўнена і горда кажам. Жыве Беларусь!
Таксама са святам павіншавала беларусаў Старшыня Рады БНР Івонка Сурвіла. Яна назвала 25 сакавіка 2018 года найважнейшай датай сучаснай гісторыі Беларусі: тады беларускі народ абвясціў незалежнасць і волю сваёй дзяржавы, Беларускай Народнай Рэспублікі.
Шмат акцый, прымеркаваных да Дня Волі, ужо прайшлі на мінулых выходных. Але і на 25 сакавіка, і на наступныя дні запланавана нямала святочных мерапрыемстваў. На жаль, цяпер шырокае адзначэнне Дня Волі магчыма толькі за межамі Беларусі. Лукашэнкаўскі рэжым намагаецца вынішчыць народную памяць і прынізіць значэнне гэтага свята. За святкаванне Дня Волі ў Беларусі магчымы палітычны пераслед.
Беларускае Радыё Рацыя






