У скверы Вольнай Беларусі, пад сценамі Генеральнага консульства Беларусі ў Беластоку, распачалася акцыя з нагоды надыходнага Міжнароднага дня правоў чалавека, які адзначаецца 10 снежня.

У гэты дзень 76 гадоў таму ААН прыняла Усеагульную дэкларацыю правоў чалавека, якую Беларусь унесла ў сваю нарматыўную базу яшчэ ў ХХ стагоддзі. А вось з выкананнем гэтага дакумента ў Беларусі ўзніклі праблемы, якія ў 2020-я гады набылі размах усебаковых рэпрэсій у грамадстве. Пра гэта гавораць удзельнікі акцыі. Агулам сабралася каля 40 чалавек.
Удзельнікі акцыі распавялі пра факты парушэння правоў чалавека ў Беларусі, і галоўнае — пра наяўнасць палітвязняў:
– Права чалавека ў Беларусі не захоўваюцца. Трэба паказаць гэта ўсяму свету, яшчэ тое, што шмат людзей цяпер сядзяць за кратамі.
– Хутка мінула ўжо 5 гадоў, але рэжым не спыняецца, ён працягвае пераследаваць беларусаў, якія знаходзяцца за мяжой, а судзяць іх заочна. У нас забіраюць маёмасць у Беларусі. Але мы павінны казаць пра нашых палітвязняў, пра якіх няма інфармацыі.
– Заклікаем усю сусветную супольнасць, усіх людзей далучыцца да барацьбы за вызваленне беларусаў.
– У гэты дзень мы павінны памятаць і пра тых людзей, пра прадстаўнікоў розных нацыянальнасцей, якія знаходзяцца ў беларускіх турмах. Гэта таксама мой калега.
– Не маю права ўезду фактычна на сваю родную зямлю.
Журналіст Ян Раман коратка распавёў пра цяжкасці нацыянальнай польскай меншасці ў Беларусі, праблемы ўсіх нацыянальных меншасцяў, а таксама закрануў правы на адукацыю на беларускай мове для ўсіх беларусаў. Напрыканцы Раман нагадаў і пра палітвязня Анджэя Пачобута.
Слова ўзяў праваабаронца Уладзімір Хільмановіч, які нагадаў пра падпісанне ў 1991 годзе 8 снежня Белавежскіх пагадненняў, якія прынеслі кароткачасовую свабоду. Таксама праваабаронца нагадаў пра поўную зачыстку прававога поля ў Беларусі і адмоўны ўплыў Расеі на развіццё постсавецкіх краін, у тым ліку ў сферы правоў чалавека.
Трэба рабіць усё магчымае, каб Беларусь не знікала з міжнароднай павесткі.
Асобна адзначылі падзенне рэжыму дынастыі Асадаў у Сірыі. “Так будзе з кожнай дыктатурай”.









Беларускае Радыё Рацыя