Псіхолагамі даказана, што чалавечы мозг інстынктыўна акцэнтуе ўвагу на патэнцыйна небяспечнай інфармацыі. Гэта відавочна з біялагічнага пункта гледжання: для выжывання неабходна своечасова выявіць крыніцу пагрозы. Таму “чорныя” навіны заўсёды маюць прыярытэт над пазітыўнымі.
У час поўнамаштабнай вайны ўкраінцы штодня атрымліваюць дозу кепскіх вестак. І на іх фоне інфармацыя, якая, здавалася б, павінна даваць надзею (дазвол выкарыстоўваць заходнія дальнабойныя ракеты для ўдараў па тэрыторыі РФ), пачала траціць значнасць перад адным паведамленнем, абляцелым усе ўкраінскія Тэлеграм-каналы 20 лістапада.
А пачалося з таго, што раніцай гэтага дня амбасады ЗША, Іспаніі, Грэцыі, Італіі і іншых дзяржаў заявілі аб сваім закрыцці ў Кіеве праз пагрозу маштабнай ракетнай атакі. Потым – паведамленне на аснове дадзеных ад ваеннай разведкі Міністэрства абароны Украіны, што пасля 14:30 па кіеўскім часе будзе нанесены масіраваны камбінаваны ракетны ўдар з наяўнай у РФ флатыліі, авіяцыі, балістычных пускавых сістэм і іншага. Таксама плануецца адначасовы запуск звыш 300 рознатыповых радыёкіраваных ударных дронаў з боезарадамі рознай магутнасці. Удар можа быць нанесены па энергетычных вузлах і важных аб’ектах грамадзянскай інфраструктуры.
З Тэлеграм-каналаў паведамленне з хуткасцю святла трапіла да кіраўнікоў прадпрыемстваў, медустаноў, дырэктараў школ і ўніверсітэтаў: неадкладна данесці інфармацыю з мэтай захавання дакументацыі, тэхнікі і жыццяў людзей. У выніку Галоўнае ўпраўленне разведкі Мінабароны Украіны папярэдзіла, што замест «асабліва масіраванага» ракетна-бомбавага ўдару па ўкраінскіх
гарадах РФ праводзіць «асабліва масіраваную» інфармацыйна-псіхалагічную атаку супраць Украіны. І што дадзенае паведамленне – фэйк.
Але гэта, вядома, не азначае, што ў найбліжшыя дні не будзе масіраваных абстрэлаў: амерыканскае пасольства ўсё ж афіцыйна папярэдзіла пра магчымую пагрозу. І разам з тым абвясціла, што аднаўляе сваю працу 21 лістапада.
Ну вось, могуць жа амерыканцы данесці і добрыя навіны! Калі захочуць.
Ліза Ахроменка, Беларускае Радыё Рацыя






