Прэзідэнт Польшчы Кароль Наўроцкі ў нядзелю заявіў пра гатовасць краіны рухацца ў бок уласнага ядзернага патэнцыялу, падкрэсліваючы, што Польшча знаходзіцца «на мяжы ўзброенага канфлікту». У той жа час міністр замежных спраў Радаслаў Сікорскі ў Мюнхене заявіў: Еўропа павінна сядзець за сталом перамоваў і браць на сябе адказнасць за ўласную бяспеку.

Каментуючы сітуацыю, прафесар Універсітэта ў Беластоку Даніэль Бацькоўскі адзначыў, што менавіта падыход Сікорскага выглядае больш рэалістычным у сучаснай еўрапейскай сітуацыі:
– Калі мы хочам пабачыць, як выглядае сапраўдная палітыка еўрапейскай бяспекі, то мы павінны слухаць міністра Сікорскага, а не прэзідэнта. Быў выступ прэзідэнта, ну што ж, быў такім, як быў. Па-праўдзе, вялікае ўражанне зрабіў выступ Сікорскага, калі ён сказаў, што Еўропа павінна быць за сталом перамоваў. І гэта праўдзівая сённяшняя мэта.
Эксперт падкрэсліў, што без актыўнай ролі Польшчы Еўропа не зможа выпрацаваць цэласную стратэгію ў дачыненні да Украіны і Беларусі:
– Укладальнікам тых праектаў з’яўляецца Польшча. Таму не атрымаецца без Польшчы штосьці рабіць у кірунку Украіны і не атрымаецца штосьці рабіць у кірунку Беларусі. Добра бачна, што і Лукашэнка слабее. Калі гэта будзе добра разыграна, то атрымаецца збудаваць абарону ад дронаў, выкарыстаўшы вялікі вопыт Украіны.
На думку Бацькоўскага, размовы пра ядзерную зброю ў Польшчы — гэта хутчэй сігнал страху і недаверу да старой сістэмы гарантый бяспекі, але не гатовая стратэгія. Значна важней, што ў Мюнхене прагучала думка пра неабходнасць суб’ектнасці самой Еўропы.
Цалкам матэрыял:
Беларускае Радыё Рацыя






