NАТО чакае нападу Расеі праз Беларусь ужо ў пачатку 2025. Піша Bild. Нямецкае выданне атрымала доступ да сакрэтнага дакумента Бундэсвера, у якім распісаны сцэнар паўнавартаснага расейскага ўварвання ў Еўропу ў 2025 годзе, да якога цяпер рыхтуецца NАТО. У гэтым сцэнары асноўная роля адведзена Беларусі.
У сцэнары пад назвай “Абарона Альянсу 2025” падрабязна распісаны магчымыя дзеянні Расеі ў падрыхтоўцы ўварвання, пачынаючы з лютага 2024 года.
Так, ужо ў гэтым лютым, згодна з інфармацыяй нямецкай выведкі, Расея можа правесці чарговую хвалю мабілізацыі і набраць дадаткова 200 тысяч чалавек для новага вясновага наступу ва Украіне, “які павінен адкінуць УСУ яшчэ далей назад з іх цяперашніх пазіцый”.
Далей, як піша Bild, Расея летам можа пачаць актыўна здзяйсняць кібератакі на сістэмы NАТО і правакаваць беспарадкі ў краінах Балтыі з удзелам этнічных расейцаў, што стане падставай для правядзення ў верасні на тэрыторыі Беларусі вучэнняў “Захад-2024” з удзелам 50 тысяч расейскіх салдат.
На падставе вучэнняў Расея, паводле сцэнару, усю восень будзе нарошчваць свой вайсковы кантынгент і арсенал ракет у Беларусі ля межаў Літвы і Польшчы, адначасна робячы тое ж самае і з боку Калінінграда.
Потым у снежні 2024-га ў раёне Сувальскага калідора Расея можа справакаваць “штучны памежны канфлікт” і “беспарадкі са шматлікімі ахвярамі”, як гэта было ў 2021-м з нелегальнымі мігрантамі.
Усё гэта мае адбывацца ў разгар выбарчай кампаніі ў ЗША, калі ў краіны яшчэ не будзе дакладна абранага лідара.