Расейскія ўлады збіраюцца зацягнуць вайну ва Украіне як мінімум да 2026 года. Пра гэта піша нямецкае выданне Bild са спасылкай на свае крыніцы ў выведцы. Нямецкае выданне так апісала план Пуціна: да канца 2024 года цалкам захапіць Данецкую і Луганскую вобласці і дайсці да ракі Аскол у Харкаўскай вобласці. Да канца 2026 года дайсці да Дняпра, захапіўшы значную частку Запарожскай, Днепрапятроўскай і Харкаўскай абласцей, у тым ліку Харкаў, Дняпро і Запарожжа.

«Усе ўсходнія тэрыторыі злева ад Дняпра РФ плануе захапіць на працягу трох гадоў, — заявіла крыніца Bild. — Пасля чаго рака стане новай лініяй фронту».
Цяпер Расея кантралюе каля паловы Данецкай і 95% Луганскай абласцей. Буйныя гарады, такія як Краматорск, Славянск і Пакроўск, застаюцца пад кантролем Украіны. У Крамлі чакаюць, што да канца будучага года сітуацыя зменіцца. Паводле тых жа звестак, на поўдні Украіны Расея мае даволі нізкія амбіцыі. На Херсонскім кірунку плануецца ўтрымліваць абарону па Дняпры, не наступаючы на правы бераг на Херсон або Адэсу, піша Bild, адзначаючы, што адзіны клопат Масквы тут: не дапусціць прасоўвання Украіны ў Крым. Паводле звестак выведкі, расейскі план грунтуецца, між іншым, на меркаваннях, што расейская вайсковая эканоміка будзе расці і будзе больш эфектыўнай. Пуцін гатовы штогод губляць ва Украіне да 100 тысяч вайскоўцаў. Ён таксама разлічвае, што ў ЗША да ўлады прыйдзе прэзідэнт, які рэзка скароціць або цалкам спыніць ваенную падтрымку Украіны. Акрамя таго, паводле апошніх разведданых, Расея не бачыць рознагалоссяў паміж перамовамі з Украінай і наступным вайсковым прасоўваннем.
Фота: ПГ






