BY
PL
EN

Беларускае Радыё Рацыя. 98,1 FM – Беласток, Гародня. 99,2 FM – Берасце

Радыё ONLINE

Борыс Джонсан: Трамп можа ўратаваць Украіну

Былы прэм’ер-міністр Вялікабрытаніі і актыўны прыхільнік ваеннай дапамогі Украіне Борыс Джонсан напісаў калонку для брытанскага выдання Daily Mail.

У сваім артыкуле Джонсан мяркуе, што Дональд Трамп у разе перавыбрання можа выратаваць Украіну. Свае чаканні Джонсан выклаў, грунтуючыся на сваёй сустрэчы з Трампам на з’ездзе Рэспубліканскай партыі ЗША. Джонсан упэўнены, што Трамп у выпадку абрання прэзідэнтам працягне падтрымку Украіны.

Свой артыкул у Daily Mail Джонсан пачынае са сцэны замаху на Трамп, калі пасля стрэлу ён не дазволіў проста адвесці сябе са сцэны, але ўзяў сітуацыю пад кантроль і звярнуў сабе на карысць: “Гэта Трамп кажа Амерыцы і ўсяму свету: „Я не схілюся, я не здамся!”.

“У канцы першай чвэрці XXI стагоддзя свет знаходзіцца на ростанях: на Блізкім Усходзе разгортваюцца жахлівыя патэнцыйныя канфлікты паміж Ізраілем і іранскімі проксі, у Паўднёва-Кітайскім моры – за Тайвань, а на нашым кантыненце – у Еўропе – ідзе самая кравапралітная і жудасная вайна за апошнія 80 гадоў”, – напісаў Джонсан. — Пагаварыўшы з Дональдам Трампам на гэтым тыдні, я больш чым калі-небудзь пераканаўся ў тым, што ў яго хопіць сіл і адвагі ўсё выправіць, выратаваць Украіну, прынесці мір і спыніць пагібельнае распаўсюджванне канфлікту”.

“Што б ні казалі іншыя рэспубліканцы пра Украіну ў мінулым, я веру, што Трамп разумее рэальнасць: параза Украіны будзе вялізнай паразай Амерыкі”, — сцвярджае Джонсан.

“Я веру, што Трамп можа пакласці гэтаму канец — на правільных для Украіны і Захаду ўмовах. Падкрэсліваю, што не магу быць упэўнены, што менавіта ён зробіць, калі яго абяруць. Але гэта тое, што ён мог бы зрабіць”, — мяркуе былы прэм’ер Вялікабрытаніі.

“Цяпер расейцы выкарыстоўваюць планіруючыя авіябомбы, каб нанесці значную шкоду ўкраінскім пазіцыям. Але ўкраінцы не могуць адказаць, таму што ЗША не дазваляюць ім выкарыстоўваць ATACMS для знішчэння расейскіх аэрадромаў, а Вялікабрытанія, на жаль, не дазваляе ім выкарыстоўваць ракеты Storm Shadow”, – піша Джонсан. – Трамп мог бы проста зрабіць тое, што для яго натуральна: пакончыць з бюракратычнымі перашкодамі і затрымкамі; даць украінцам неабходныя дазволы; а затым, калі Пуцін чарговы раз будзе адкінуты назад, прапанаваць здзелку”.

“У Трампа ўжо ёсць вопыт рашучага ваеннага ўмяшання ў інтарэсах украінскай дэмакратыі. Калі ён вернецца да ўлады ў канцы гэтага года, Трамп мае вялікі шанец не толькі выправіць спадчыну свайго папярэдніка, але і павесці свет наперад”, — сцвярджае былы прэм’ер.

Борыса Джонсана лічаць адным з асноўных прыхільнікаў працягу супраціву планам Масквы.

Брытанія пры прэм’еры Джонсану стала першай краінай, якая дала Украіне танкі заходняй вытворчасці.

Беларускае Радыё Рацыя