“Адзін з тых псіхалагічных прыёмаў, які мне дазваляў у турме не згубіць надзею і заўсёды памятаць, што маё змаганне мае сэнс – гэта ставіць сябе ў гістарычны кантэкст. Кожны з нас і ўсё, што мы робім – гэта звяно ў ланцугу сусветнай гісторыі. І гэта ўсё мы робім разам”. Кажа Госць Рацыі – анархіст, палітычны аналітык і былы палітвязень Мікола Дзядок.
Пра тое, што такое беларускі анархізм, стаўленне да анархістаў лукашэнкаўскага рэжыму, пра бачанне Новай Беларусі ды іншае з Міколам Дзядком размаўляе наша карэспандэнтка Таццяна Смоткіна.

РР: Вы ўжо некаторы час знаходзіцеся ў Вільні, як прайшла адаптацыя, легалізацыя? Наколькі мне вядома, не ўсе палітвязні, якія тут знаходзяцца некалькі месяцаў, атрымалі дакументы. І яшчэ я бачу, што вы пазітыўны чалавек, вось хто ці што вам надае пазітыву?
Мікола Дзядок: Адаптацыя, пэўна, яшчэ не прайшла, яна ў працэсе, таму што пасля 5 год у турме адаптацыя за чатыры месяцы не можа прайсці, аднак ідзе сваім ходам. Легалізацыя адбылася досыць хутка, дзякую літоўскім уладам, яны паклапаціліся, далі нам дазвол на жыхарства большай частцы, амаль усім у нашай партыі. Мне далі аднаму з першых. А астатняе – прывыкаю пакуль да вольнага жыцця.
Што датычна таго, што найбольш уразіла, што дае аптымізму, канешне, гэта салідарнасць беларусаў, той клопат, якім нас атачылі, тая падтрымка і дыяспары, і беларускіх структур грамадзянскай супольнасці. Гэта ўсё вельмі натхняе і паказвае, што нашая справа жыве і людзі не забыліся, чаму мы тут і дзеля чаго гэта ўсё робіцца.
РР: Вы пісалі ў сваім “Фэйсбуку” пра тое, што некаторыя людзі кажуць пра тое, што вы не анархіст. Што па-вашаму “беларускі анархізм”, які ён?
Мікола Дзядок: Насамрэч беларускі ў кантэксце еўрапейскага анархізму досыць унікальная з’ява, бо калі паглядзець на анархісцкія рухі розных краінаў Еўропы, яны будуць моцна адрознівацца ад беларускага як па сваім парадку дня і па ідэалагічнай скіраванасці. Канешне, калі кантакты і падтрымліваюцца з еўрапейскімі анархістамі, мы бачым, што ўсё ж такі адрозніваюцца моцна сітуацыя і сацыяльны склад нашых рухаў. Гэта па-першае. І таму пра беларускі анархічны рух трэба хутчэй казаць у мінулым часе, таму што гэта такая з’ява, якая гістарычна была ў Беларусі, зараз яе няма.
Існуюць аднак групы ў выгнанні, групы ў эміграцыі і групы ў турмах, на жаль. Больш за 15 беларускіх анархістаў і антыфашыстаў знаходзіцца зараз у турмах. І трэба ўсведамляць, што ўжо такога руху, які вы бачылі ў стужцы сваіх навінаў з 2009 па 2020 год, ужо няма.
Беларускі анархізм – гэта насамрэч, я б сказаў, радыкальнае адгалінаванне дэмакратычнага руху. Гэта людзі, якія не задавальняліся дзеяннямі традыцыйнай апазіцыі, сістэмнай апазіцыі, якой яна была да 2020 года, заўсёды выступалі за прамое дзеянне, выступалі за барацьбу з рэжымам за рамкамі вось гэтага законнага “загончыка”, які быў адзведзены рэжымам. І за гэта, канешне, былі рэпрэсаваныя нашмат болей, чым хто іншы, і сядзелі ў турмах. Гэта людзі, якія пачалі кідаць “кактэйлі молатава” яшчэ да таго, як гэта стала майнстрымам у Беларусі, за што, дарэчы, нярэдка падвяргаліся крытыкі з боку больш традыцыйнай сістэмнай апазіцыі. І
былі часы, я памятаю 2008-2009 гады, калі анархісты прыходзілі са сваімі сцягамі, са сваімі барабанамі, са сваёй калонай на традыцыйныя маршы апазіцыі, дык нас называлі і правакатарамі, і кім толькі нас не называлі. І нават прасілі міліцыю нас прыбраць адтуль. Не будзем зараз называць прозвішчы і казаць, хто з апазіцыйных лідараў гэта рабіў. Не будзем ужо прыгадваць старое, тым не менш нас доўгі час нас успрымалі як нейкіх такі “інфантэрэбал”, то бок незразумелых, нікому непатрэбных нейкіх маргіналаў, якія не хочуць ісці ў агульнай калоне, якія з нейкімі незразумелымі ідэямі, са сваімі сцягамі, чаму не пад бел-чырвона-белым сцягам і гэтак далей. То бок былі мы заўсёды на водшыбе, былі мы такой заўсёды з’явай крыху асобнай. Але, канешне, у 2020 годзе ўсё моцна змянілася, анархісты падтрымалі паўстанне і сталі адной з тых груп грамадзянскай супольнасці, якая дапамагала і перадавала свой палітычны досвед, досвед барацьбы, шырокім масам, якія ў 2020 годзе падняліся.
Таму адказваючы на ваша пытанне “што такое быць беларускім анархістам” – гэта быць заўсёды з народам, там дзе ён змагаецца, і памятаць, што мы жадаем не проста змены прэзідэнта, мы жадаем змены грамадзянскіх інстытутаў, большай роўнасці, большай індывідуальнай свабоды і сацыяльнай справядлівасці ў тым грамадстве, якое мы імкнемся пабудаваць.
Цалкам гутарка:
Беларускае Радыё Рацыя






