Рэвалюцыі не будзе, прозвішча Ціханоўскага не называлі, шмат казалі пра гуманнасць, але імкнуліся тэму як хутчэй забыць. Так пра вызваленне аднаго з галоўных апазіцыянеў і апанентаў Аляксандра Лукашэнкі – Сяргея Ціханоўскага – пісалі прапагандысцкія дзяржаўныя СМІ. Аналітыкі даследавалі беларускія публікацыі. Цалкам абмінуць тэму не атрымалася, бо пра гэта нават эмацыйна выказваўся Аляксандр Лукашэнка.

Як пісалі ў Беларусі, даследаваў наш Госць Рацыі – медыя-эсксперт Паўлюк Быкоўскі:
-Трэба зазначыць, што атрымалася некалькі розных падыходаў. Адзін з іх тычыцца таго, што прагучала ў мэйнстрымных дзяржаўных медыя. Там фактычна прозвішча не называлася, калі казаць пра медыя, якія лаяльныя рэжыму ці расейскія медыя, яны часта спасылаліся на паведамленні “Пул-першага”, дзе Эйсмант паведаміла пра вызваленне вязняў. Натуральна, што слова палітвязні не ўжываецца. Было названае прозвішча Ціханоўскага. І было сказана, што гэта зроблена па просьбе амерыканскага прэзідэнта і гэта зроблена з гуманістычных меркаванняў для ўз’яднання сям’і. То бок, было ўжыта з фармулёўкай, якая паказвае, што ў прынцыпе ўнутраная палітыка ў Беларусі не мяняецца, мы, якія былі, такія і засталіся, але мы мяняем гэтую сітуацыю для канкрэтных асобаў з гуманістычнага меркавання. Калі казаць пра іншых, было зазначана, што значная частка тых, хто быў вызвалены – гэта замежнікі.
РР: Нейкім чынам аналізавалі гэта ці проста гэта былі пераважна інфармацыйныя матэрыялы? Бо “Клуб рэдактараў” выказваўся на гэтую тэму. У палітычным асяродку было такое, што нейкім чынам Лукашэнка мусіць патлумачыць беларусам, чаму ён менавіта гэта зрабіў.
Паўлюк Быкоўскі: Лукашэнка выказаўся на гэтую тэму на ўрачыстасці, звязанай з Днём незалежнасці. Там у яго аказаўся даволі нечаканы выпад у бок Трампа. Зазначым, што ў папярэдні перыяд гаворка ішла пра тое, што неяк наладжваюцца, паляпшаюцца стасункі з ЗША, хваліліся тым, што прыехаў прадстаўнік Трампа Келаг, і так далей. Але вось тут Лукашэнка наўпрост сказаў, што не дай Бог, ён нешта будзе патрабаваць (Трамп), то мы нікога не будзем вызваляць і так далей. Што тычыцца Ціханоўскага, Лукашэнка не назваў яго канкрэтна, але па апісанні было зразумела, пра каго ён кажа, і ён сказаў, што абяцалі адно, а робяць іншае. То бок, таксама незадаволена выказаўся. Пасля гэтага, трэба звярнуць увагу на тое, што калі раней хваліліся візітам прадстаўніка прэзідэнта ЗША, то пасля Ігар Тур на тэлеканале АНТ наўпрост сказаў, што гэта не заслугоўвае вашай увагі, нічога невядома пра гэтую сустрэчу, і ўвогуле народу ведаць не асабліва трэба пра гэта. Гэта праца дыпламатаў, у тым сэнсе, што не звяртайце на гэта ўвагу. Гэта хутчэй за ўсё, пераключэнне ўвагі. Калі раней было важна за кошт візіта Келага паказаць, што рэжым аўтарытэтны, паказаць тое, што ў яго ёсць стасункі з моцнымі свету гэтага, то тут ужо спрабавалі змікшыраваць сітуацыю. Цалкам верагодна, што і выказванні Лукашэнкі на Дзень незалежнасці, звязаныя з тым, што ў Крамлі чарговы раз раўніва паглядзелі на тое, што адбываецца ў Аляксандра Лукашэнкі. А раптам ён ізноў пачаў кудысьці там глядзець на Захад. Гэта як домыслы, гэта не ёсць рэальнае тлумачэнне. Але Лукашэнка апраўдваўся і вось гэта ўжо факт. І тое, што ўжо не трэба звяртаць увагі на стасункі з ЗША і так далей, гэта не значыць, што не будуць ісці перамовы. Гэта сведчыць толькі пра тое, што вырашана пра гэта казаць як мага менш.
Але калі мы будзем казаць не пра мейнстрымныя медыя, не пра тэлебачанне, то ў тэлеграм-каналах, там было многа ўсяго і там часта і прозвішчы называліся, але часцей за ўсё, гэта былі з’едлівыя выказванні. Відавочна яны чакалі, што выхад Сяргея Ціханоўскага прывядзе да нейкага раздраю, нейкай спрэчкі і гэдак далей, але пакуль што нічога гэтага не адбылося, і потым паступова ўвага да гэтай сітуацыі зменшылася. То бок, усё вярнулася на колы свае. Бо пачалі разважаць пра старыя праблемы, якія ёсць у апазіцыі. Можна сказаць, што гэты перыяд для прапаганды ў нейкай ступені заканчваецца.
Як заўважае медыя-эксперт Паўлюк Быкоўскі, прозвішча Ціханоўскага не называлі, афіцыйныя СМІ пашыралі пазіцыю адміністрацыі Лукашэнкі, прапагандысцкія тэлеграм-каналы сабе маглі дазволіць больш, але агульная тэндэнцыя – хутка праскочыць тэму ды не развіваць.
Цалкам гутарка:
Беларускае Радыё Рацыя






