BY
PL
EN

Беларускае Радыё Рацыя. 98,1 FM – Беласток, Гародня. 99,2 FM – Берасце

Радыё ONLINE

Былы прэм’ер-міністр Расеі прызнаны “замежным агентам”

Былы прэмʼер-міністр Расеі Міхаіл Касьянаў, які крытыкуе цяперашнія ўлады краіны і пакінуў Расею на знак пратэсту супраць вайны ва Украіне, быў у пятніцу ўключаны расейскімі ўладамі ў спіс “замежных агентаў”, паведаміла Міністэрства юстыцыі Расеі.

Мінюст абвінавачвае Касьянава ў тым, што ён выступае “супраць спецыяльнай ваеннай аперацыі ва Украіне” і ўваходзіць у “Расейскі антываенны камітэт”, які ўлады лічаць “арганізацыяй, скіраванай на дыскрэдытацыю знешняй і ўнутранай палітыкі Расеі”.

Камітэт быў створаны за мяжой у 2022 годзе некалькімі расейскімі апазіцыянерамі, у тым ліку былым алігархам Міхаілам Хадаркоўскім. Палажэнне аб “замежных агентах” у Расеі першапачаткова распаўсюджвалася на няўрадавыя арганізацыі, якія прызнаваліся такімі, калі яны займаліся палітычнай дзейнасцю і атрымлівалі сродкі з-за мяжы. На практыцы крытэрыі прызнання арганізацый “агентамі” былі незразумелымі ад пачатку і выкарыстоўваліся для рэпрэсій над незалежнымі групамі. Пазней палажэнні аб “агентах” сталі распаўсюджвацца на СМІ і на фізічных асоб.

Міхаіл Касьянаў быў прэмʼер-міністрам падчас першага прэзідэнцтва Уладзіміра Пуціна з 2000 па 2004 год. Раней, у 1999-2000 гадах, ён займаў пасаду міністра фінансаў. Пазней ён стаў заўзятым крытыкам уладаў у Крамлі.

Беларускае Радыё Рацыя