BY
PL
EN

Беларускае Радыё Рацыя. 98,1 FM – Беласток, Гародня. 99,2 FM – Берасце

Радыё ONLINE

Чаго чакаць ад Саміту міру па пытанні вайны ва Украіне?

15-16 чэрвеня ў Швейцарыі праходзіць Саміт міру – мірная канферэнцыя па Украіне, арганізаваны па яе ініцыятыве. Удзел у мерапрыемстве пацвердзілі амаль 90 дэлегацый, у тым ліку прэзідэнт Францыі Эманюэль Макрон і канцлер Германіі Олаф Шольц.

* * *

Саміт у швейцарскім Бюргенштоку ёсць важным, але далёка не апошнім крокам у кансалідацыі міжнароднай супольнасці на шляху дасягнення ўстойлівага міру для Украіны. Пра гэта заявіў намеснік кіраўніцы Аб’яднанага Пераходнага Кабінета, прадстаўнік па замежных справах Валер Кавалеўскі. “Відавочна, што саміт не створыць умовы для міру. Аднак сам факт яго правядзення і шырокая прадстаўленасць замежных лідараў дэманструюць, што ў сваім змаганні супраць расейскай агрэсіі Украіна карыстаецца падтрымкай дзясяткаў краін і міжнародных арганізацый. Гэтая ўпэўненая пазіцыя будзе ўплываць і на здольнасць Расіі працягваць вайну”, – адзначыў ён.

Паводле слоў Кавалеўскага, дасягненне “ўстойлівага міру, а не часовага рашэння”, магчымае толькі тады, калі “Беларусь больш не будзе месцам, адкуль распачнецца новая агрэсія супраць Украіны”. Такім чынам, падкрэсліў ён, усе расейскія вайскоўцы павінны назаўсёды пакінуць беларускую тэрыторыю. Па-другое, дыктатарскі рэжым Лукашэнкі ўжо паказаў, што ўнутраныя рэпрэсіі вядуць да знешняй агрэсіі, — адзначыў намеснік кіраўніцы АПК. Паводле слоў Кавалеўскага, “гэтая падзея павінна стаць практычным крокам у кірунку непасрэднага ўдзелу дэмакратычных сілаў Беларусі ў мірным працэсе для Украіны. Праца па ўліку беларускіх інтарэсаў у мірным працэсе будзе працягнутая”.

* * *

Якіх вынікаў чакаць ад Саміту разважае ваенны эксперт, старшыня Асацыяцыі беларускіх ветэранаў ва Украіне Андрэй Кушняроў:

– Усіх задавальняе, каб Захад шкадаваў Украіну, але не дапамагаў. Расейцаў не запрасілі, паколькі не вельмі зразумела, якім чынам нам з імі весці перамовы. Гэта канферэнцыя не пра тое, каб па выніках заключыць мір. Гэта канферэнцыя пра тое, каб пазначыць контуры таго, як гэтая вайна магла б быць завершаная. Па тэрыторыі, што па санкцыях, як увогуле выглядае будучая архітэктура бяспекі ў рэгіёне.

Аднак ні Джо Байдэна, ні Сі Цзіньпіна на сустрэчы не будзе. Пекін заявіў, што застанецца ў баку ад Саміту, называючы неабходнай умовай прысутнасць за сталом перамоваў усіх варагуючых бакоў. Пры гэтым Расею і Беларусь на саміт увогуле не запрасілі.

Беларускае Радыё Рацыя