Госця Рацыі – Святлана Шаціліна – кіраўніца Місіі дэмакратычнай Беларусі ў Кіеве.

РР: Як зараз сітуацыя са святлом, цяплом у Кіеве? Бо мы ўсе перажывалі за кіяўлян і ўвогуле за ўкраінцаў, якія апынуліся ў моцныя маразы ў такой сітуацыі, бо гэта сапраўдны генацыд з боку Расеі.
Святлана Шаціліна: Для нас гэта не навіна. Мне падаецца, што для расейскай ўлады няма нічога чалавечага. І гэта сапраўды генацыд бытавы, таму што людзі розныя, горад вялікі і, напрыклад, калі гэта мама з дзецьмі і ёй на чатырнаццаты паверх проста прынесці ваду, каб пакарыстацца санвузлом, або каб штосьці прыгатаваць, гэта проста абурае. І я думаю, што Украіна ніколі не забудзе гэтага. Ніколі.
РР: У такіх умовах вы зараз займаецеся арганізацыяй візіту дэмакратычнай лідаркі Беларусі Святланы Ціханоўскай у Кіеў. Ужо называецца прыкладны час, калі можа здарыцца гэта падзея, канец лютага – пачатак сакавіка. Ці ёсць ужо нейкія канкрэтныя даты?
Святлана Шаціліна: Дакладнай даты яшчэ няма. Калі яна будзе, то і ўкраінскі, і наш дэмакратычны бок пра гэта будуць казаць. Былі сустрэчы, дзякуй Анатолю Лябедзьку, мы сустракаліся ў Вярхоўнай Радзе, сёння я была на адным з тэлеканалаў, і проста адчуваецца іншая хваля, калі размаўляюць больш адкрыта і ты адчуваеш, што дыялог пачаўся на ўсіх роўнях. Я вельмі спадзяюся, што гэтая хваля будзе адчувацца і будзе толькі нарастаць.
РР: То бок, ва ўкраінскіх медыя ўжо анансуецца гэты візіт?
Святлана Шаціліна: Так, розныя медыя на розных пляцоўках, ёсць багата допісаў з гэтай нагоды. Ужо абмяркоўваюць, што дасць гэтае пацяпленне. Таму экспертная дыскусія ўжо пашырылася, і вельмі чакаем, калі будзе прызначана дата, то і бюракратычны апарат пачне працаваць. Таму чакаем даты.
РР: Анатоль Лябедзька апублікаваў здымак, дзе ён сустрэўся з дарадцам Офіса прэзідэнта Украіны Міхаілам Падаляком. Хоць у беларускім дыскурсе ўсе зразумелі, што Падаляка ўжо ў Офісе няма і нібыта з гэтым звязана пацяпленне ў стасунках з дэмсіламі Беларусі. Насамрэч, ён застаецца дарадцам, так?
Святлана Шаціліна: Так, ён працуе ў Офісе, тут нічога не змянілася. Наколькі мне вядома, ёсць перастаноўкі. Але пацяпленне ёсць. Мне падаецца, што зараз гэта не сакрэт, спадар Кізім, які быў паслом па асаблівых даручэннях, ягоная праграма, якую ён рыхтаваў па стратэгіі, ужо больш уважліва разглядаецца. І чакаем гэтых крокаў – першае, даты, і другое, хто будзе займаць пасаду новага спецпрадстаўніка па Беларусі, або яна будзе па-іншаму называцца. Вось гэтых двух крокаў мы вельмі чакаем. І тады, мне здаецца, працэс пойдзе яшчэ хутчэй.
Цалкам гутарка:
Беларускае Радыё Рацыя






