BY
PL
EN

Беларускае Радыё Рацыя. 98,1 FM – Беласток, Гародня. 99,2 FM – Берасце

Радыё ONLINE

Чаму бліжэйшым часам Захад не дапаможа ні Беларусі ні Украіне

Калі каротка, у маім разуменні – каб перамагчы Зло, трэба самому хоць бы часткова стаць злом. Фактычна прынесці сябе, сваю духоўную цноту, у ахвяру. А заходнія, найперш пратэстанцкія, філасофіі на такое пайсці (пакуль) не могуць.

Таму напад на краіны Балтыі і Польшчу робіцца ўсё больш верагодным.

У Польшчы адукаваныя людзі, якія ў сябе ў машынах слухаюць па радыё не дыско-поло, а палітычныя дыскусіі, часам пытаюцца ў мяне калі ж скончыцца прыток уцекачоў з Украіны?

Яны не разумеюць, што адносна хутка могуць ад уцекачоў ад вайны (украінцаў) і тэрору (беларусаў) вучыцца жыццю ў вымушанай эміграцыі дзе-небудзь у Лацінскай Амерыцы, бо Еўропа не пацягне яшчэ і мільёны палякаў (плюс іншых).

Але калі пасля некалькіх сур’ёзных атак, хутчэй за ўсё і з тэрыторыі Беларусі, у тым ліку з гарматным мясам у беларускай форме, Захад праскрые вочы, і інстынкт самазахавання стане на першае месца, тады Расея можа быць разгромленая ажно да ўзроўню закрыцця ўсяго неба, прынамсі, у еўрапейскай частцы.

І, вядома, у дэакупацыі Беларусі таксама не будзе нічога дзіўнага.

Ужо сёння трэба ўсё больш голасна і часта паўтараць пра тое, што Беларусь акупаваная краіна. Прасцей будзе працаваць у будучыні.

Украінскі палітычны аналітык Дмытро Золотухін у сваім артыкуле «Чаму Пуцін перамагае» мяркуе, што цяперашняя негатовасць Захаду да знішчэння Пуціна ляжыць не ў матар’яльнай сферы, а ў розных сістэмах каштоўнасцяў.

Таму што перспектывы цьмяныя, што бліжэйшая, што аддаленая.

Яшчэ ў 2023 годзе большасць тых, хто не прымае Пуціна, былі ўпэўненыя, што Захад раз і на заўсёды закрые крыніцу заразы пад назвай Крэмль.

І вось на другія ўгодкі поўнамаштабнай вайны Расеі супраць Украіны мы бачым, што калектыўны Захад скаціўся назад да 2022 году, калі проста глядзеў ці выстаіць Украіна. Калі хто забыўся, прыпомню, што Еўропа наагул пачынала ў стылі «глыбокай занепакоенасці».

Ва ўкраінскіх медыях асцярожна, каб не спужаць публіку, але часам кажуць пра перавагу Пуціна – амаль бясконцую колькасць людзей, якіх можна гнаць на забой.

У Пуціна яшчэ бездань часу, ён можа кідаць сваіх грамадзянаў пад заходнія снарады ва Украіне год за годам.

Што застаецца нам?

Рабіць што можам. У тым ліку далікатна, але настойліва тлумачыць у Еўропе і ў Паўночнай Амерыцы, што Расея не Савецкі Саюз, дзе панавала ідэалогія, у сучаснай Расеі бандыцкія паняцці, з ёю дамовіцца не магчыма.

Беларускае Радыё Рацыя