BY
PL
EN

Беларускае Радыё Рацыя. 98,1 FM – Беласток, Гародня. 99,2 FM – Берасце

Радыё ONLINE

Чаму кожныя мірныя дамоўленасці з Расеяй азначаюць паразу Захаду?

Новы, 2025 год, можа быць годам нечаканасцяў, – кажа палітолаг Павел Усаў.

На думку эксперта, не варта чакаць нейкіх пераломных момантаў, але, да прыкладу, прыход да ўлады ў ЗША Дональда Трампа можа прынесці вялікую долю няпэўнасці ў далейшым развіцці сітуацыі.

РР: На пачатку размовы хачу звярнуцца да словаў Франака Вячоркі з нядаўняга інтэрв’ю, дзе ён сказаў, што на сённяшні дзень, з яго ўражанняў, на Захадзе хочуць як можна хутчэй спыніць вайну ва Украіне, і пры гэтым Беларусь можа стаць разменнай манетай у гэтай сітуацыі. Наколькі гэтае меркаванне мае месца, і наколькі Вы з гэтым пагаджаецеся?

– Не хацелася б пагаджацца з Вячоркам, але тут ён мае рацыю. Фактычна Захад ніколі не разглядаў Беларусь як нейкую стратэгічную прастору, за якую варта змагацца, укладаць нейкія сур’ёзныя рэсурсы. Асабліва зараз, калі Беларусь з’яўляецца важнай інтэгральнай часткай расейскай экспансіі на Захад. Ніколі Расея не адмовіцца ад уплыву на Беларусь, тым больш мы не ведаем, якім чынам вайна скончыцца. Такія заявы пра тое, што Захад імкнецца як мага хутчэй завяршыць гэтую вайну, не даюць ніякай карыснай інфармацыі пра тое, якім чынам і ў якім выглядзе Захад імкнецца скончыць гэту вайну.

Кожная дамова з Расеяй, пры якой у яе застаюцца захопленыя тэрыторыі, азначае, што Захад, пагаджаючыся на гэта, фактычна прайграе вайну. Дарэчы, Лукашэнка калісці на саміце БРІКС заявіў, што, калі Захад заключыць мір з Расеяй, гэта фактычна будзе азначаць паразу Захаду. Бо ніякі мір для Украіны і тым больш для Захаду не азначае завяршэння вайны. Расея застаецца моцнай рэсурснай прасторай, яе гаспадарка не разбурана, у той час як тэрыторыя Украіны, яе вытворчасці, гарады знішчаны. Дзесяткі гарадоў разбураны дашчэнту.

– Адбудаваць такую краіну з такімі стратамі, разумеючы, што Расея будзе пастаянна імкнуцца дэстабілізаваць яе, практычна немагчыма. Кожны мір — гэта на карысць Расеі. Тут нават няма пытання, якое месца будзе займаць Беларусь, бо якое-небудзь месца яна займаць не будзе. Па сутнасці, Беларусь стане часткай “прыза”, які Расея атрымае ў выніку гэтых мірных дамоўленасцяў.

Таму кожныя мірныя дамоўленасці, якія не прадугледжваюць выхаду расейскіх войскаў з тэрыторыі Украіны і стварэння дэмілітарызаванай зоны на мяжы з Украінай, азначаюць, што Беларусь застанецца пад кантролем і стратэгічным уплывам Расеі. У Беларусі не будзе ніякіх шанцаў выйсці з-пад уплыву Расеі.

РР: Таксама хачу звярнуцца да меркавання многіх экспертаў і палітыкаў, бо цяпер часта можна пачуць, што 2025 год будзе пераломным, у тым ліку ў кантэксце вайны ва Украіне і для Беларусі. Але што пераломнага можа адбыцца? Ці можна наогул казаць, што ён будзе пераломным?

Я не ведаю, што ўкладаюць у гэтае слова палітыкі і палітолагі, кажучы пра пераломны год. Кожны год з’яўляецца ў нашай сучаснай гісторыі пераломным. Кожны год — гэта драматычны перыяд, калі ўлічваць падзеі ў рэгіёне. Кожны год — гэта выклік для Захаду і для дэмакратычнай сусветнай супольнасці, з якімі яна пакуль не здольная справіцца. Якраз кожны год паглыбляе міжнародны крызіс, у якім знаходзіцца дэмакратычная прастора. Захад і міжнародная супольнасць абсалютна не ведаюць, якім чынам выйсці з гэтага крызісу, як яго пераадолець і як прымусіць Расею адступіць.

Няма ніякіх механізмаў. Таму заявы пра нейкія пераломы выклікаюць сумневы. З улікам прагназаванай сітуацыі, з якой мы сутыкаемся цяпер, я не бачу нічога пераломнага. Напрыклад, мінулы год, калі ў Расеі былі выбары, таксама можна было лічыць пераломным. Многія спадзяваліся на раптоўныя перамены ў Расеі. 2023 год таксама быў адзначаны нечаканым бунтам Прыгожына. Але што з таго? Расея там, дзе яна ёсць, і працягвае бамбіць Украіну. І калі Расея працягне захоўваць свае рэсурсы і магчымасці весці вайну, то можна чакаць пашырэння канфрантацыі, у тым ліку з удзелам Кітая. Кітай назірае за Расеяй, глядзіць на Захад, бачыць слабасць Захаду. Гэта можа прывесці да правакцыйных дзеянняў вакол Тайваня.

Цалкам размову слухайце ў далучаным файле:

Нашым госцем быў палітолаг Павел Усаў, які выказаў сваё меркаванне адносна цяперашняй сітуацыі ў Беларусі і прагнозаў на наступны год.

Беларускае Радыё Рацыя