Сёння ў Варшаве прайшло пасяджэнне Аб’яднанага Пераходнага Кабінета, якое правяла яго кіраўніца Святлана Ціханоўская.

Паводле яе, у пачатку наступнага месяца плануецца правесці Кангрэс па пытаннях палітычных зняволеных. Як паведамляе тэлеграм-канал Кабінета, на кангрэсе збяруцца дыпламаты, прадстаўнікі краін-партнёраў, былыя палітвязні і праваабаронцы, каб абмеркаваць сітуацыю з катаваннямі і іншымі парушэннямі правоў чалавека.
Як адзначыла Ціханоўская, тэма палітычных зняволеных застаецца адной з цэнтральных, бо сітуацыя толькі пагаршаецца. Яна заклікала ўсіх 21 траўня далучыцца да Дня салідарнасці з палітычнымі зняволенымі.
Акрамя таго, з 23 па 25 траўня ў Варшаве адбудзецца сустрэча прадстаўнікоў беларускіх суполак і дыяспар з усяго свету. «Мы будзем распрацоўваць супольныя праекты і кампаніі на найбліжэйшы час», – адзначыла Ціханоўская.
Палітык паведаміла, што падчас свайго запланаванага візіта ў ЗША яна збіраецца наведаць Арызону, Тэхас і Вашынгтон, узяць удзел у міжнародных форумах і правесці сустрэчы з прадстаўнікамі новай адміністрацыі Белага дома.
* * *
Сёння ў Варшаве праходзіць чарговае пасяджэнне Аб’яднанага Пераходнага Кабінета Беларусі.
У парадку дня – абмеркаванне падрыхтоўкі дыяспаральнай канферэнцыі ў Варшаве, арганізацыі Дня салідарнасці з палітвязнямі 21 мая, праца па прыцягненні да адказнасці Лукашэнкі і яго паплечнікаў за злачынствы супраць беларускага народа і Украіны.
Асобнымі пунктамі стаяць дзеянні па ўстанаўленні месцазнаходжання Анжалікі Мельнікавай, каардынацыя дзейнасці парамілітарных структур, а таксама пытанні, якія будуць уздымацца падчас маючага адбыцца візіту Святланы Ціханоўскай у ЗША.
Таксама сёння Святлана Ціханоўская па запрашэнні прэзідэнта Польшчы Анджэя Дуды прыняла ўдзел у 10-ым, юбілейным саміце Ініцыятывы трох мораў, дзе разам з еўрапейскімі лідарамі абмяркавала рэгіянальную бяспеку і перспектывы паглыблення інтэграцыі Беларусі з еўрапейскімі ініцыятывамі.






