Гадавіна Чарнобыля. Святлана Ціханоўская ўсклала кветкі да помніка Маці Чарнобыля ў Вільні. Разам з ёй у акцыі прынялі ўдзел дыпламаты і амбасадары Літвы, Польшчы, Эстоніі, Іспаніі, ЗША, Харватыі, Францыі, Ірландыі, Чэхіі і Нідэрландаў.

У апублікаваным звароце лідарка беларускіх дэмакратычных сілаў заўважае, што «Чарнобыль не такі далёкі, як можа здавацца» і ў доказ нагадвае, як два месяцы таму расейскі беспілотнік прабіў абарончы саркафаг над Чарнобыльскай АЭС.
Як адзначае Ціханоўская, рэжым у Беларусі не толькі ігнаруе пагрозы, але і стварае новыя:
– Атамная станцыя ў Астраўцы. Пры яе пабудове ігнараваліся і тэхнічныя стандарты, і нормы бяспекі. Колькі яна ўжо ламалася, спынялася, і колькі яшчэ трэба заключэнняў ад міжнародных экспертаў, каб зразумець, што гэтая станцыя – пагроза. І пагроза не толькі беларусам, але і нашым суседзям. Сёння рэжым кажа пра пабудову яшчэ адной станцыі, выхваляецца размяшчэннем расейскай ядравай зброі. Яе прысутнасць на нашай зямлі робіць Беларусь мішэнню, а беларусаў закладнікамі чужога імперскага шаленства.
На гэтых выходных з нагоды гадавіны Чарнобыльскай трагедыі беларусы ладзяць акцыі па ўсім свеце. У Беластоку акцыя пачнецца сёння а 17:30 у skwer Wolnej Białorusi 1, што побач з консульствам РБ.
У Вільні акцыя пройдзе 27 красавіка а 11.30 на плошчы Кудзіркі.
Беларускае Радыё Рацыя






