BY
PL
EN

Беларускае Радыё Рацыя. 98,1 FM – Беласток, Гародня. 99,2 FM – Берасце

Радыё ONLINE

“Час пакажа, але мусім рыхтавацца да розных сцэнароў”

Ці пагражае Еўропе сапраўдная вайна? На тэму рэгіянальнай бяспекі, далейшага развіцця падзей ва Украіне і Беларусі, а таксама пра магчымасці НАТА хутка рэагаваць на пагрозы – пагаворылі з нашымі гасцямі. Гэта прадстаўнік Кабінета па абароне і нацыянальнай бяспецы Вадзім Кабанчук і прадстаўнік арганізацыі BELPOL Мацвей Купрэйчык.

РР: Хвалюе тэма рэгіянальнай бяспекі, і на ўзроўні дзяржавы, і на ўзроўні звычайных грамадзян. Паколькі мы цяпер стаім на парозе шырокамаштабнай вайны.

Мацвей Купрэйчык - прадстаўнік арганізацыі BELPOL.
Мацвей Купрэйчык

Мацвей Купрэйчык: Я, як прадстаўнік BELPOL і мае калегі па камандзе, мы лічым, што такая магчымасць ёсць, і рэжым Лукашэнкі рыхтуецца да гэтага, і не толькі рэжым Лукашэнкі, но і рэжым Пуціна. Зараз у нас ёсць інфармацыя пра тое, што на тэрыторыі Беларусі будуецца шмат розных заводаў, на якіх будуць прадукавацца дроны, вайсковыя снарады, іншыя сродкі для вайсковай тэхнікі і т.д. То бок, маштабы вельмі вялікія. Таму мы лічым, што гэта вельмі шмат для таго, каб ваяваць толькі з Украінай. Мы лічым, што ідзе падрыхтоўка да поўнамаштабнага ўварвання ў краіны Балтыі.

РР: Будзе вайна ў Еўропе?

Вадзім Кабанчук: Не хочацца нікога палохаць і напружваць сітуацыю. Але вельмі трывожная ідзе інфармацыя, і аналізучы усе фактары, якія мы зараз назіраем, то ўсё сведчыць пра тое, што яны трымаюць курс на павелічэнне эскалацыі, – і рэжым Пуціна, і рэжым Лукашэнкі. Час пакажа, але мусім рыхтавацца да розных сцэнароў.

РР: Тады якая роля Аляксандра Лукашэнкі, ён асабіста ў гэтым зацікаўлены, ці знаходзіцца ў сітуацыі бязвыбару?

Мацвей Купрэйчык: Тут трэба разумець, што, па-першае, як мы пісалі ў сваім дакладзе, аб удзеле Лукашэнкі ў вайне супраць Украіны, Лукашэнка, калі зразумеў канчаткова, што вайна будзе, і вайна будзе не тры дні, ён сам, са сваёй ініцыятывы, выходзіў на рэжым акупантаў, на расейскі рэжым, і сам прапанаваў вытворчасць на тэрыторыі Беларусі. Бо, з кропкі гледжання вайсковай, гэта вельмі добрая ідэя. Бо Украіна не б’е па тэрыторыі Беларусі, і таму гэтыя заводы вельмі будуць мець добрую бяспеку, і гэта рэжым Лукашэнкі сам выходзіў на Расею. Аднак у той жа самы момант мы разумеем, што ў Беларусі зараз усталяваны марыянеткавы рэжым. Лукашэнка робіць усё тое, што яму скажа Масква. Таму трэба разумець, што зараз наша краіна пад акупацыяй.

РР: Як вы мяркуеце, ці гатовыя сумежныя з намі краіны, краіны Балтыі, Польшча, да тэарэтычнага нападу з боку Расеі? Найперш, напэўна, краіны Балтыі.

Мацвей Купрэйчык: Мы шчыльна працуем з краінамі Балтыі – Літвой, Латвіяй, Эстоніяй, а таксама з Польшчай. Мы размаўляем, праводзім закрытыя брыфінгі, даём інфармацыю, паказваем аналітыку пра тое, як гэта ўсё развіваецца, як гэта ўсё рухаецца. І паказваем, што трэба рыхтавацца. І таксама мы звяртаемся да больш моцных краінаў, такіх як Германія, Францыя, ім расказваем сітуацыю, што ў дадзены момант мы павінны ўсе рыхтавацца, каб забяспечыць бяспеку Еўропы. І ў той самы момант скарыстацца гэтай нагодай, каб Беларусь вярнуць у Еўропу. Бо Беларусь – гэта Еўропа.

РР: Сёння шмат абмяркоўваецца, наколькі НАТА гатовае да таго, што заўтра ў Рыгу ці Вільню паляцяць расейскія дроны. Бо часта гаворыцца пра тое, што магчымасці мабілізацыі войскаў НАТА ў гэтай частцы Еўропы пакідаюць жадаць лепшага.

Вадзім Кабанчук - прадстаўнік Аб’яднанага Пераходнага Кабінета па абароне і нацыянальнай бяспецы.
Вадзім Кабанчук

Вадзім Кабанчук: Мы бачым па шэрагу фактараў і падзеяў, што НАТА вельмі ўважліва сочыць за досведам вайны ва Украіне. Яны найперш пераймаюць досвед беспілотных сістэм. Мы бачым, што краіны Балтыі выйшлі з Атаўскай канвенцыі па супрацьпяхотных мінах, яны разумеюць, што гэта адзін з такіх фактараў запабягання хуткага пранікнення ў глыб сваёй тэрыторыі, бо ў іх краіны адносна невялікія па тэрыторыі. Я спадзяюся, што асабліва Усходняя Еўропа робіць запабежныя захады, каб іх не засталі знянацку. Мы ведаем, што будуецца сістэма абарончых умацаванняў па прыбалтыйскіх краінах, у іх размяшчаюцца зараз некалькі падраздзяленняў еўрапейскіх войскаў, напрыклад, у Літве разгортваецца нямецкая брыгада, у Латвіі – канадская, у Эстоніі таксама з’яўляюцца часткі міжнародных сілаў. Хочацца спадзявацца, што ў выпадку эскалацыі будзе дастаткова хуткая рэакцыя. І будзе адэкватны адказ.

РР: А наколькі ўдзел амерыканскага войска ёсць такім фундаментальным пунктам, бо мы не ведаем наколькі Злучаныя Штаты, сыходзячы са спрэчных заяваў Дональда Трампа, маглі б выконваць гэты абарончы пункт Пакта.

Вадзім Кабанчук: Безумоўна амерыканская армія з’яўляецца першай па магутнасці ў свеце, і калі ёсць такі хаўруснік, то ўсім неяк спакайней. Але мы бачым, што чацвёрты год украінцы адбівацца самі, і тут галоўнае здольнасць і гатоўнасць нацыі да абароны. Я б сказаў нават што ў першую чаргу такая псіхалагічная здольнасць. І я думаю, што амерыканцы ўсё ж такі не кінуць Еўропу з гэтай праблемай, калі насамрэч эскалацыя пачнецца. На нейкім этапе яны далучацца. Пра гэта сведчыць хаця б досвед і Першай і Другой сусветных войнаў.

Цалкам матэрыял:

Беларускае Радыё Рацыя