У аўторак у Беластоку Міністэрства нацыянальнай абароны зладзіла прэс-канферэнцыю наконт “Усходняга шчыта”. Сярод узнятых пытанняў – занепакоенасць жыхароў Падляшша магчымай экспрапрыяцыяй земляў, выкліканай будаўніцтвам “Усходняга шчыта”.
Пра тое, што экспрапрыяцыя не планавалася і будзе хіба выпадковай, распавёў намеснік кіраўніка Міністэрства нацыянальнай абароны Цэзары Томчык:
– Я тут хацеў бы ўсіх супакоіць. “Усходні шчыт” будзе будавацца на тэрыторыі дзяржаўнага фонду. Гэта або тэрыторыя дзяржаўная, або вайсковая, або адпаведных міністэрстваў. Гэта для нас найважнейшае. Хочам, каб будаўніцтва “Усходняга шчыта” была рэалізавана ў пэўным дыялогу з лакальнымі супольнасцямі, з лакальнымі арганізацыямі і мясцовымі кіраўніцтвамі. Самаўрады найлепш ведаюць сваіх жыхароў.
Намеснік начальніка Генеральнага штаба Войска Польскага Станіслаў Чоснэк пацвердзіў, што рэалізацыя праграмы “Усходні шчыт” зробіць польскую мяжу з Беларуссю – найлепш абароненай і самай інавацыйнай мяжой у Еўропе:
– Маем тут цэлы час вайсковую групу, якая ахоўвае граніцу з Беларуссю. І гэтая тэрыторыя Падляшскага ваяводства будзе выкарыстана для пабудовы “Усходняга шчыта”, мы ведаем, што нам патрэбна, у якім месцы нам патрэбна і што будзе ўплываць на выкананне нашых планаў абароны. То бок, тое што нам патрэбна для войска, гэта не толькі каб магчымую вайну выйграць, а каб яе не было, бо важнейшым героем будзе той, хто гэтую вайну не дапусціць, а не той, хто гэтую вайну выйграе.
Вядома, што “Усходні шчыт” – Shield East — праграма, падрыхтаваная ў Міністэрстве нацыянальнай абароны і Генеральным штабе Войска Польскага, якая прадугледжвае будаўніцтва розных тыпаў умацаванняў, рэльефных перашкодаў і вайсковай інфраструктуры на межах Польшчы з Расеяй і Беларуссю — агульнай адлегласцю каля 800 км. Ён павінен быць пабудаваны да 2028 года і каштуе 10 мільярдаў злотых.
Цалкам матэрыял:
Беларускае Радыё Рацыя