BY
PL
EN

Беларускае Радыё Рацыя. 98,1 FM – Беласток, Гародня. 99,2 FM – Берасце

Радыё ONLINE

“Хлеб VS пернік”

Калі грамадзяне Украіны на акупаваных тэрыторыях супрацоўнічаюць з ворагам, іх называюць калабарантамі. Гэта і аматары «русского мира», якія ўсё жыццё пражылі ва Украіне, са спакойным сумленнем елі ўкраінскі хлеб, а ў душы ненавідзелі ўсё ўкраінскае – мову, культуру, традыцыі; і банальныя прыстасаванцы, каго акупанты ўзнагародзілі пасадай і мінімальнай уладай.

Але калі ўкраінскі вайсковец 23 гады таму даваў клятву вернасці свайму народу і Айчыне, пры гэтым быў начальнікам аддзела сувязі ў Памежнай службе Украіны (Чарнігаўскі 105-ы памежны атрад), падчас поўнамаштабнай вайны пераходзіць на бок ворага, то яму, відаць, усе гэтыя 23 гады ўкраінскі хлеб стаяў упоперак горла. Сваю радзіну маёр эвакуіраваў у Германію, а падчас штогадовага адпачынку і сам да іх паехаў, але назад ва Украіну не вярнуўся. Затое дзіўным чынам апынуўся на тэрыторыі РФ і нават стаў героем праграмы “Вести” на прапагандысцкім тэлеканале “Россия-1”. Заліваўся салаўём, называючы дзеянні ўкраінскай улады па абароне краіны ад узброенай агрэсіі РФ – тэрарыстычнымі.

У сваю чаргу, прапагандысты заявілі, што маёр-сувязіст, як носьбіт важнай сакрэтнай інфармацыі, распавёў пра рэаліі ўкраінскай памежнай службы і ўжо працуе на карысць “іх” краіны. Ва Украіне здрадніку пагражае пажыццёвае зняволенне.

З аднаго боку, сітуацыя з памежнікам небяспечная і агідная, з другога – у нейкім сэнсе нават карысная. Дзяржава Украіна чысціцца ад смецця: працягваючы службу, маёр ужо, напэўна, меў бы куратара і рэгулярна перадаваў сапраўды важную інфармацыю ворагу. Толькі зараз замест украінскага хлеба ў яго ў роце тульскі пернік.

Ліза Ахроменка, Беларускае Радыё Рацыя