BY
PL
EN

Беларускае Радыё Рацыя. 98,1 FM – Беласток, Гародня. 99,2 FM – Берасце

Радыё ONLINE

Хто падпішацца?

З 7 лістапада па 6 снежня ў Беларусі праводзіцца збор подпісаў за прэтэндэнтаў на тое, каб стаць кандыдатам у прэзідэнты.

Нягледзячы на самы пачатак кампаніі, можна не турбавацца за тое, што галоўны прэтэндэнт, Аляксандр Лукашэнка, зможа набраць неабходныя сто тысяч подпісаў. Усе мінулыя кампаніі, акрамя, магчыма, першай, яго ініцыятыўныя групы прыносілі ў Цэнтрвыбаркам па мільёну і больш подпісаў, якія тут жа прымаліся камісіяй. А што ж іншыя, так бы мовіць, “альтэрнатыўныя”, кандыдаты?

Мяркую, што ў Алега Гайдукевіча ды іншых на этапе збору подпісаў могуць узнікнуць непрадбачаныя цяжкасці. Чатыры апошнія гады ў інтэрнэце рэгулярна праходзіць інфармацыя, што ў тым ці іншым горадзе, раёне затрымалі і пакаралі чалавека за тое, што на апошніх прэзідэнцкіх выбарах ён не ў выбарчым бюлетэні, а ў лісце за вылучэнне кандыдатам паставіў подпіс за альтэрнатыўнага прэтэндэнта. Ні міліцыянеры, ні пракурорскія работнікі, ні суддзі не паглядзелі на тое, што дзеянне было абсалютна законнае. Гледзячы на такі досвед, выбаршчыкі ў бліжэйшы месяц двойчы падумаюць, падпісвацца ці не за “альтэрнатыўнага” кандыдата.

“Альтэрнатыўныя”, такім чынам, рызыкуюць да 6 снежня не паспець сабраць неабходныя 100 тысяч подпісаў. Аднак, мяркую, гэта не стане праблемай для афіцыйных уладаў. Ёсць розныя прыёмы, каб выправіць непрыемную сітуацыю і дадаць аднаго-двух кандыдатаў у бюлетэнь, акрамя Лукашэнкі. Можна задзейнічаць той жа самы адміністрацыйны рэсурс і “настойліва прапанаваць” бюджэтнікам усё ж такі падпісацца. А можна ўспомніць вопыт выбараў 2015 года, калі ў Віктара Цярэшчанкі Цэнтрвыбаркам прызнаў сапраўднымі толькі 6699 подпісаў і ўсё роўна выдаў яму пасведчанне кандыдата ў прэзідэнты. Час пакажа…

Рыгор Скамарох