BY
PL
EN

Беларускае Радыё Рацыя. 98,1 FM – Беласток, Гародня. 99,2 FM – Берасце

Радыё ONLINE

“Хвілінка канспіралогіі”

«Менш народу – больш кіслароду». Стары гутарковы выраз з негатыўным, насмешлівым і крыху хамскім адценнем. Тэорыю змовы пра тое, што калектыўны Захад супрацьстаіць Расеі, падтрымліваючы санкцыі і яе ізаляцыю, актыўна распаўсюджваюць расейскія СМІ. Гэта свайго роду сукупны, абагульнены вобраз ворага. Зараз, з лёгкай рукі прэзідэнта Курчатаўскага інстытута (да таго ж гэты навуковец набліжаны да цела крамлёўскага монстра), у свядомасць суайчыннікаў укаранёна канцэпцыя супрацьстаяння калектыўнага Захаду ўсяму чалавецтву. Мэта – знішчыць большую частку насельніцтва планеты з дапамогай спецыяльна створанага віруса і ЛГБТ.

Фота: Віталь Анькоў/ РИА Новости

Хвілінка канспіралогіі наступіла на педагагічным форуме ў Маскве. “Менш народу” для Захаду літаральна азначае – пакінуць на Зямлі толькі невялікую эліту, жыццёвыя патрэбы якой будуць задавальняць робаты. Паводле меркавання навукоўца, праз ЛГБТ-прапаганду і папулярызацыю “childfree” праз адно-два пакаленні спыніцца працяг іх роду. А тыя, хто прытрымліваюцца традыцыйных каштоўнасцяў і ўпарта супраціўляюцца, будуць знішчаныя біялагічнай зброяй: Захад распрацоўвае вірус з эфектыўнасцю смяротнасці 90%.

Для Расеі адзінай абаронай ад змовы сукупнага ворага з’яўляецца войска і флот. Нага ў нагу з імі крочаць расейскія навукоўцы, якія блізкія да адкрыцця сродкаў супраць старэння. Ды што там – у перспектыве прыдумаюць і таблетку бессмяротнасці. Бо пра гэта так марыць іх сямідзесяцітрохгадовы бог.

Ліза Ахроменка, Беларускае Радыё Рацыя