BY
PL
EN

Беларускае Радыё Рацыя. 98,1 FM – Беласток, Гародня. 99,2 FM – Берасце

Радыё ONLINE

Ці адменяць YouTube у Беларусі? Наўрад ці

3-га красавіка YouTube выдаліў са сваёй платформы аккаўнты дзяржаўных тэлеканалаў Беларусі. Дзяржагенцтва БЕЛТА паведаміла, што прычынай выдалення сталі санкцыі. Міністэрства інфармацыі Беларусі заявіла, што негатыўна ацэньвае «гэты недружалюбны і беспадстаўны крок» і пакідае за сабой права на прыняцце неабходных мер рэагавання.

Віталь Цыганкоў
Віталь Цыганкоў

Прадстаўнікі відэахостынгу не каментавалі гэты крок. Але вядома, што YouTube можа выдаліць канал у выпадку неаднаразовага парушэння правілаў.

У апублікаванай за дзень да выдалення перадачы, прысвечанай Беларускаму расследавальніцкаму цэнтру і яго заснавальніку Станіславу Івашкевічу, вядучы Раман Пратасевіч раскрыў асабістыя дадзеныя Івашкевіча, уключаючы нумар тэлефона і хатні адрас. На відэа таксама было паказана, як патрапіць да ягонай кватэры. Івашкевіч адразу падаў у YouTube скаргу на відэа, бо яна парушае правілы платформы. Магчыма, гэта і стала асноўнай прычынай выдалення каналаў дзяржаўных прапагандыстаў.

І цяпер, асноўнае пытанне, якое ў сувязі з гэтай гісторыяй турбуе беларусаў – ці пойдуць улады на адключэнне Юцюба ў Беларусі? Адзін з найбуйнейшых прапагандысцкіх тэлеграм-каналаў запусціў галасаванне за блакіроўку хостынгу ў Беларусі. «YouTube па палітычных матывах выдаліў каналы ОНТ, СТВ і БЕЛТА. Гэта помста амерыканскага відэахостынгу за праўду. Ці падтрымліваеце вы прапанову заблакаваць YouTube на тэрыторыі Беларусі?», – так было зададзена пытанне. Як і можна было чакаць, большасць чытачоў гэтага канала нібыта прагаласавала за адключэнне Юцюба.

Мне, аднак, падаецца, што пры ўсёй сваёй неадэкватнасці ўладам усё ж хопіць розуму не пайсці на гэта. Не складае вялікай цяжкасці спрагназаваць, які негатыўны рэзананс гэта выкліча ў большасці беларусаў. І ня толькі ў актыўных спажыўцоў навінаў, але перш за ўсё, у непалітычнай большасці, якая глядзіць на Юцюбе нешта пра сад і агарод, пра кулінарныя рэцэпты, пра гісторыю, масавую псіхалогію, пра адносіны. Юцюб для многіх даўно замяніў тэлевізар – асабліва ва ўмовах Беларусі, дзе ў тэлевізіі, нават кабельнай, прысутнічаюць фактычна толькі беларускія і расейскія каналы.

Да таго ж і самі прапагандысты, відавочна, былі падрыхтаваныя да адпаведных дзеянняў Юцюба. Стала вядома, што пасля выдалення асноўнага YouTube-канала дзяржаўнага беларускага тэлеканала СТВ раптоўна ажывіўся запасны ютуб-канал CTV Plus, дзе ўжо апублікавана больш за 100 відэа. Новы канал быў створаны 6 лютага 2026 года, і відавочна, прадстаўнікі СТВ ведалі аб магчымым выдаленні і падстрахаваліся.

Яны разумеюць, што ніякія расейскія заменнікі Юцюба ня маюць і кроплі ягонага ахопу і маштабу. І разумеюць, што забарона Юцюба можа выклікаць моцнае незадавальненне ўладай, якое, хаця і ня можа ў сённяшніх беларускіх умовах выпляснуцца публічна – але абавязкова будзе захоўвацца і назапашвацца, каб праявіцца ў пэўны момант.

Віталь Цыганкоў, Беларускае Радыё Рацыя