Гэта не пытанне, гэта запрашэнне да вывучэння стану рэчаў. Мяркуйце самі, вось навіна: «Літва праверыць 18 тысяч беларусаў, якія атрымалі віды на жыхарства».

На колькі моцна палітычна Літва падтрымала пачатак Беларускай рэвалюцыі 2020 году, на столькі ж моцна цяпер паўночна-заходняя суседка Беларусі дрэйфуе ў бок, калі саму трэба будзе правяраць.
Літоўская рэдакцыя медыйнага праекту «Delfi» спасылаецца на заяву Эвеліны Гудзінскайтэ, кіраўніцы літоўскага Дэпартаменту па міграцыі.
Гаворка пра 18 тысяч беларусаў, якія атрымалі працоўныя віды на жыхарства да лістападу 2022 году, калі пачаў дзейнічаць апытальнік для расейцаў і беларусаў, дзе трэба было адказаць пра агрэсію Расеі ва Украіну.
Тое, што грамадзянаў краіны-агрэсара прыраўнялі да грамадзянаў дэ-факта акупаванай краіны – асобная тэма, якая літоўскай палітычнай уладзе нясе адно рэпутацыйныя страты. Калі не цяпер, то ў будучыні дакладна.
Але ўзнікае пытанне, якое з часам можа зрабіць балюча Літве як суб’екту Еўразвязу – а на якой падставе вы вылучаеце ў асобную групу людзей, якія законна атрымалі дакументы на пражыванне і працу ў Літве?
Я асабіста ведаю ўжо прыклады, калі палітычныя ўцекачы з Беларусі, трапляючы ў Еўразвяз праз Літву, прасілі міжнародную абарону ў Польшчы, спасылаючыся акурат на дыскрымінацыю з боку літоўскіх уладаў.
Сам жа пераслед беларусаў па пашпарце яскрава перагукаецца з пераследам габрэяў нацысцкай Германіі краінамі Захаду. Хто забыўся са школьнай гісторыі, нагадаю, што з прыходам да ўлады нацыстаў, мноства габрэяў памкнулася ў ЗША, але параходы з габрэямі былі развернутыя на той падставе, што ў габрэяў былі… пашпарты, выдадзеныя нацыстамі.
У літоўскім палітыкуме цудоўна ведаюць, што пераважная большасць беларусаў ад жніўня 2020 году выязджае з краіны, асцерагаючыся палітычных рэпрэсій. Дзясяткі тысяч прайшлі праз катаванні ва ўстановах тыпу «Акрэсціна». Тысячы знаходзяцца за кратамі. Кожны дзень прыходзяць звесткі пра затрыманых. І тут у Літве раптам вырашылі спраўдзіць ці не агенты Лукашэнкі гэтыя 18 тысяч беларусаў.
Знутры Літвы знаёмыя беларусы тлумачаць, што папулісты перад прэзідэнцкімі выбарамі гуляюцца на ганебных пачуццях ксенафобіі сваіх патэнцыйных выбарцаў.
Што ж, спадарства, папулісты, вы альбо крыжык здыміце, альбо майткі надзеньце. Вы альбо дэмакратычныя еўрапейцы, альбо дрымучыя нацыяналісты норнага тыпу.
Севярын Квяткоўскі, Беларускае Радыё Рацыя