932-і дзень вайны. Паводле наяўных візуальных доказаў, расейцы контратакуюць у Курскай вобласці, дзейнічаючы падраздзяленнямі памерам з роту і могуць выкарыстаць для гэтага часткі больш дасведчаных у баі падраздзяленняў. Так сітуацыю ацэньвае амерыканскі ІВВ. Пакуль застаецца незразумелым, ці дастаткова ў РФ войскаў, неабходных для выціскання УСУ з Куршчыны або абароны ад новых контратакаў.
Між тым, прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі сустрэўся ў Кіеве з дзяржаўным сакратаром ЗША Энтані Блінкенам і міністрам замежных спраў Вялікабрытаніі Дэвідам Лэмі. Сярод іншых пытанняў абмяркоўвалася справа атрымання дазволу на правядзенне ўдараў заходняй дальнабойнай зброяй па тэрыторыі Расеі.
Зяленскі назваў праведзеную размову «вельмі змястоўнай і працяглай» і адзначыў, што падчас яе атрымалася абмеркаваць «усе ключавыя пытанні» — у тым ліку і дальнабойную зброю.
Блінкен, у сваю чаргу, паабяцаў перадаць прэзідэнту ЗША Джо Байдэну пажаданні ўкраінскіх уладаў адносна ўдараў амерыканскай зброяй па тэрыторыі Расеі.
У той жа час газета The Guardian паведаміла, што Вялікабрытанія нібыта ўжо вырашыла дазволіць Украіне наносіць удары сваімі дальнабойнымі ракетамі Storm Shadow па расейскай тэрыторы. Па словах суразмоўцаў газеты, сумесны візіт Блінкена і Лэмі ў Кіеў увогуле не адбыўся б, калі б станоўчага рашэння па выкарыстанні заходніх дальнабойных ракет для ўдараў па тэрыторыі Расеі не было прынята.
Беларускае Радыё Рацыя