BY
PL
EN

Беларускае Радыё Рацыя. 98,1 FM – Беласток, Гародня. 99,2 FM – Берасце

Радыё ONLINE

Ці магчымае хуткае завяршэнне вайны ва Украіне?

Пад выбухі ракет і прылёты дронаў дзейнічае нібы часовае перамір’е паміж Украінай і Расеяй. Насамрэч, у рэаліях прагрэсу амаль што няма і наўрад ці вайна скончыцца праз некалькі тыдняў, – распавяла нашая сённяшняя Госця Рацыі, беларуская журналістка, грамадзянка Беларусі, па нацыянальнасці ўкраінка Марыя Маляўка. Падрабязней – у гутарцы з Алісай Поль.

Фота: kyiv1.com

РР: Як Вы зараз маглі б ахарактэрызаваць сітуацыю ва Украіне?

Марыя Маляўка: Калі б я пачала апісваць тое, што адбываецца вакол мяне і ў маім коле, то яно выглядае прыблізна супрацьлегла таму, што ствараецца ў медыях у сувязі з Трампам, усімі яго “закідонамі”, з размовамі пра перамір’е і так далей. Нядаўна быў артукул у “Медузе”, які абурыў шмат каго з беларусаў і ўкраінцаў, бо там нібыта чалавек паразмаўляў з рознымі людзьмі з розных колаў і ў яго выйшла, што ва ўсіх усё прапала і ўсё дрэнна. Я не ведаю, як трэба фармаваць сваё кола знаёмстваў ва Украіне, каб усе так распавялі. Тое, што адбываецца ў менавіта масавай частцы – гэта шмат хваляванняў, шмат хваль адчаю. І я б не сказала, што зараз адбываецца штосьці прынцыпова горшае па масавых настроях, чым было апошнія паўтара года.

Я год ва Украіне, і я не скажу, што за гэты час штосьці радыкальна змянілася. У чымсьці цяжэй, бо і рынак на гэтыя хваляванні рэагуе, і нейкія бізнесы закрываюцца, – гэта падчас ваеннага часу не здзіўляе. Калі казаць пра маё кола – гэта ўкраінскія актывісты, шмат хто з іх прайшоў Майдан, гэта новая фармацыя, тут варта нават запомніць гэтае паняцце, бо яно шмат што азначае зараз ва Украіне, гэта беларускія актывісты. Усе гэтыя людзі або ваююць, або ваявалі, або залучаныя ў дапамогу фронту. І ў нас у прынцыпе няма нейкіх хваляванняў, адчаю, няма ў той жа час праблемаў паміж беларусамі і ўкраінцамі. Няма прэтэнзій і прад’яў да беларусаў, іх не было ні ў 2020 годзе, ні цяпер тым больш. Вось гэтых усіх медыйных праблем няма.

Мая валанцёрская каманда, у якой я знаходжуся, яна працуе на еўрапейскім напрамку па міжнародных сувязях, мы, сярод іншага, дапамагаем службе рабатызаваных комплексаў “Ваўкоў Да Вінчы” і займаемся шчыльна ў тэме рабатызацыі і тэхналагізацыі ўкраінскай арміі. І як мы, напрыклад, рэагуем на тое, што кажа Трамп? Мы бачым, што ён нясе нейкую ахінею, і ў нас ход думак прыблізна такі, што значыць нам трэба больш актыўна працаваць на еўрапейскім напрамку. Еўропа будзе зараз думаць больш пра сваю бяспеку, хуценька выкарыстоўваем гэту магчымасць. Прыблізна так гэта ўсё выгладае.

РР: Перамір’е, ці можна казаць, што яно дзейнічае?

Марыя Маляўка: Мы чуем, як яно дзейнічае, на жаль. У нас не было паветраных трывог досыць даўно, але ў іншых гарадах былі досыць жорсткія абстрэлы.

РР: Завяршэнне вайны да Вялікадня, пойдзе для Украіны ў плюс ці ў мінус?

Марыя Маляўка: Шчыра кажучы, нават не сачыла, хто гэта сказаў. Завяршэнне вайны немагчымае зараз.

Паўнамаштабная вайна ва Украіне ідзе ўжо 1133 дні. За апошнія суткі адбылося 175 баявых сутыкненняў, Расея атакавала жылую інфраструктуру ў Запарожскай і Днепрапятроўскай абласцях.

Цалкам гутарка:

Беларускае Радыё Рацыя