Праца робіцца, але на яе не заўсёды звяртаюць увагу. «Над гэтым трэба працаваць». Кажа наша суразмоўца. Год ужо як працуе трэці склад Каардынацыйнай рады, гэта, нагадаем, прадстаўнічы орган беларускай апазіцыі за мяжой. Праз год – новыя выбары.

Ці можна падводзіць нейкія вынікі ды ці ёсць чым пахваліцца? Пытанне абмяркоўваем з віцэ-спікеркай беларускага протапарламенту Станіславай Гліннік:
-Каардынацыйная рада працуе. Скончыліся зараз справаздачы камісій. І мы бачым, што насамрэч у нас праблема не ў тым, што мы нічога не робім, а праблема ў тым, што мы не ўмеем прэзентаваць вынікі, магчыма. Як высветлілася, у нас у кожнай камісіі робіцца вельмі шмат працы, праходзяць слуханні, адказваюць людзям, кансультуюць, разглядаюць вострыя пытанні, робяць палітычныя запыты – усё тое, што і вымагаецца ад гэтай структуры. Праблема толькі вынікае з асвятленнем гэтай працы. Я думаю, мы гэта вырашым і больш людзей будзе разумець, чым займаецца КР. Але калі вам цікава, то на ютубе КР у трансляцыях ёсць запісы ўсіх справаздачаў камісій. Адбываюцца палітычныя змены, у нас новы спікер – спадар Арцём Брухан. Ён цудоўна спраўляецца са сваімі абавязкамі.
РР: Але ён стартаваў на фоне крызісу пасля знікнення Анжалікі Мельнікавай. І гэтая сітуацыя да канца невядомая.
Станіслава Гліннік: Канешне, мы не можам абыходзіць бокам, што ў нас знікла спікерка. Мы не ведаем, што адбылося. Мы не ведаем, ці яна жывая, мы не ведаем, дзе яна знаходзіцца, мы не ведаем, што здарылася. У нас ёсць нейкія факты пра яе перамяшчэнні, але ў “Дубаях”, як я разумею, усе яе губляюць. Шчыра кажучы, я вельмі чакаю афіцыйных вынікаў расследавання польскага боку. Пакуль мы не пачуем афіцыйныя заявы ад польскіх службаў, цяжка ўвогуле штосьці казаць. Таму што пакуль што ёсць журналісцкія расследаванні. Разумею, што справа не хуткая, з таго што мы бачым. Спадзяюся ўсё ж такі, што яна жывая, што не здарылася самага найгоршага.
Нагадаем, пра знікненне спікеркі Каардынацыйнай рады Анжалікі Мельнікавай стала вядома ў сакавіку пасля святкавання ўрачыстасцяў да Дня Волі. Яе месцазнаходжанне да гэтага часу не вызначылі, з’явілася некалькі журналісцкіх расследаванняў. Афіцыйнае расследаванне вядзе польская пракуратура.
Цалкам гутарка:
Беларускае Радыё Рацыя