733-і дзень вайны. Прэм’ер-міністр Славакіі Роберт Фіца заявіў, што некаторыя краіны ЕЗ і НАТА разглядаюць магчымасць накіраваць сваіх вайскоўцаў ва Украіну.
Паводле кіраўніка славацкага ўрада, гэта вынікае з матэрыялаў, якія дзяржаўныя лідары атрымалі перад канферэнцыяй у Парыжы, прысвечанай дапамозе Украіне. Фіца, вядомы прыязным стаўленнем да рэжымаў Пуціна і Лукашэнкі, патлумачыў, што гаворка ідзе пра магчымую адпраўку войскаў на падставе двухбаковых пагадненняў, якія краіны-сяброўкі НАТА і ЕЗ падпішуць з Украінай. Якія задачы замежныя вайскоўцы будуць выконваць ва Украіне, ён не сказаў.
Тым часам, прэзідэнцкі міністр Войцех Калярскі заверыў, што пазіцыя прэзідэнта Польшчы Анджэя Дуды адносна неабходнасці падтрымкі Украіны не змянілася. І пра гэта прэзідэнт нагадае падчас сустрэчы па гэтым пытанні, арганізаванай Францыяй. У перамовах, ініцыяваных прэзідэнтам Эманюэлем Макронам, прымуць удзел каля 20 дзяржаўных лідараў. Дыстанцыйна выступіць і прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі. Прысутнасць прэзідэнта Румыніі і прэмʼер-міністра Нідэрландаў таксама можа сведчыць аб другой тэме сустрэчы – перамовах аб абранні новага генеральнага сакратара НАТА.
Беларускае Радыё Рацыя
Фота: Скрыншот відэа