BY
PL
EN

Беларускае Радыё Рацыя. 98,1 FM – Беласток, Гародня. 99,2 FM – Берасце

Радыё ONLINE

Ці сапраўды Анджэя Пачобута не было ў спісе беларускай апазіцыі?

Палітзняволены гарадзенскі журналіст Анджэй Пачобут нібыта не быў у спісе беларускай апазіцыі на вызваленне, бо з’яўляецца прадстаўніком польскай меншасці. Такую заяву зрабіла былая кіраўніца Саюзу палякаў у Беларусі Анжаліка Борыс, якая застаецца ў Гародні.

“Анджэю ніхто ніколі не прапаноўваў за ўсе гэтыя гады напісаць якія-небудзь просьбы аб памілаванні, не было і гаворкі пра яго ад’езд з Беларусі (мы з Анджэем з самага пачатку адмовіліся з’язджаць), потым ніякіх прапаноў не было, проста Анджэй не быў у спісе беларускай апазіцыі, таму што ён прадстаўнік польскай меншасці”, – заявіла Борыс.

З абвяржэннем слоў Борыс выступілі дарадцы беларускай дэмакратычнай лідаркі Святланы Ціханоўскай Франак Вячорка і Дзяніс Кучынскі. Першы адзначыў, што “Анджэй Пачобут быў у кожным нашым спісе, і агульных, і прафесійных. І мы, і саюзнікі, і ЗША, а ў першую чаргу Польшча і польскі ўрад біліся за Пачобута. Праблема на баку Лукашэнкі, які не хоча Пачобута выпускаць”. Другі падкрэсліў: “З’яўляючыся прадстаўніком польскай меншасці, ён не перастае быць беларускім грамадзянінам, і вядома, што ён быў у розных спісах”.

Рэжысёр Мікалай Халезін заявіў, што першапачаткова ў спісе быў 151 чалавек — на 28 больш, чым у выніку вызвалілі, і Пачобут таксама быў там.