BY
PL
EN

Беларускае Радыё Рацыя. 98,1 FM – Беласток, Гародня. 99,2 FM – Берасце

Радыё ONLINE

Ці стане «Захад-2025» пачаткам новай эскалацыі?

Супольныя беларуска-расейскія вучэнні, запланаваныя на восень, ужо цяпер выклікаюць трывогу ў рэгіёне. Падрыхтоўка да іх стала тэмай размовы Пуціна і Лукашэнкі, а міністр абароны рэжыму Хрэнін назваў іх «вялікай падзеяй». Пакуль у Кіеве не заяўляюць адкрыта пра пагрозу, галоўнакамандуючы Узброенымі сіламі Украіны Аляксандр Сырскі падкрэсліў, што менавіта праз вучэнні Расея стварала наступальную групоўку ў 2022 годзе, і падобны сцэнар не выключаны цяпер. Пра сапраўдныя мэты вучэнняў, магчымыя сцэнары і тое, як на іх глядзяць у суседніх краінах, размаўляем з “Госцем Рацыі” – кіраўніком Цэнтра беларускіх камунікацый Максімам Плешко.

Фота з адкрытых крыніц

РР: Рана ці позна Пуцін можа прымусіць Лукашэнку ўступіць у вайну. І гэтыя вучэнні, якія анансавалі на верасень, як яны разглядаюцца ва Украіне і да чаго могуць прывесці?

Максім Плешко: Украіна ўважліва сочыць за тым, што адбываецца паміж беларускімі і расейскімі вайскоўцамі. У інтэрв’ю ў адным з украінскіх выданняў галоўнакамандуючы  Сырскі заявіў, што Украіна ведае і разумее і адсочвае гэтую сітуацыю. Што такі пачатак ёсць найлепшым спосабам прыхаваць стварэнне наступальнай групоўкі войска. Бо дакладна так было ў 2020 годзе, калі адбываліся беларуска-расейскія вайсковыя вучэнні. Украіна чакала, што расейцы выйдуць. Пасля таго, як вучэнні вырашылі працягнуць, Сырскі сказаў, што мы адразу зразумелі, што будзе ўварванне. Сапраўды, такія вучэнні – гэта найлепшы спосаб прыхаваць стварэнне ўдарнай групоўкі.

Ці будзе створана групоўка і ці яна пойдзе ва Украіну, у мяне вялікі сумнеў. Таму што ўкраінска-беларуская мяжа – гэта пераважна лясы. Там дзе ёсць дарогі, яны даўным-даўно замінаваныя, ёсць укрэпраёны. Гіпатэтычна ўявіць, што дзесьці каля мяжы з Украінай канцэнтруецца нейкая вайсковая брыгада ці вайсковая сіла, гэта немагчыма схаваць у сучасных умовах. З украінскага боку адразу з’явіцца ў лесе артылерыйская батарэя. І гэтая калона зможа нават зайсці на некалькі дзясяткаў кіламетраў на тэрыторыю Украіны – зайсці ў пастку, вогненны мяшок. І быць знішчанай. Гэта факт, у гэтым не можа быць сумневу. Бо УСУ чатыры гады гэта робяць вельмі эфектыўна. І расейскія вайскоўцы, і вайскоўцы Лукашэнкі гэта добра разумеюць.

Па-другое, чаму я думаю, што гэтага не адбудзецца. Бо важныя стратэгічныя аб’екты Беларусі яны ўсе ў дасяжнасці ўкраінскай артылерыі, нават не пераходзячы мяжу. Гэта Мазырскі НПЗ і іншая вайсковая інфраструктура. Я ўжо не кажу пра дроны дальняга дзеяння. Украіна па Маскве б’е і спаліла 20% расейскай нафтаперапрацоўчай прамысловасці дронамі, то ўявіце сабе, што будзе з беларускай інфраструктураю? Наступны «бонус» для Лукашэнкі, гэта беларускія добраахвотнікі, якія толькі чакаюць нагоды, каб зайсці ў Беларусь. Вядома, што для Лукашэнкі гэта сцэнар, які прыраўноўваецца да самагубства. Ён гэтага рабіць не будзе і не будзе дапускаць.

Поўнасцю гутарку слухайце ў далучаным файле:

Вольга Сямашка, Беларускае Радыё Рацыя